Выбрала прафесію па душы

11215 Мала які зэльвенец не заходзіў у магазін “Міля” і не набываў там неабходную прадукцыю. Багаты асартымент, прымальныя цэны стварылі гэтай гандлёвай установе добрую рэпутацыю. А яшчэ тут заўсёды ветліва абслугоўваюць пакупнікоў. Неяк наведваючы магазін, давялося назіраць, як малады работнік ахвотна дапамагала жанчыне ў выбары тавару. Пры гэтым падрабязна расказвала аб ім. Як стала вядома ў час нашай размовы, Анастасія Ламека (так завуць дзяўчыну) працуе тут тавара- знаўцай. За непрацяглы перыяд работы заслужыла аўтарытэт і павагу як сярод калег, так і наведвальнікаў. А пачынала звычайным прадаўцом. – Заўсёды марыла набыць запатрабаваную прафесію, – расказвае Анастасія,– якая б прыносіла задавальненне. Тым не менш, не хацелася губляць часу, а адразу і працаваць, і вучыцца. Пасля заканчэння гімназіі №1 г.п.Зэльва звярнулася ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, дзе атрымала накіраванне ў Гродзенскі дзяржаўны гандлёва-тэхнічны каледж. Хутка Анастасія пайшла на свой хлеб. Аднак спакусы абласнога цэнтра не ўзялі дзяўчыну ў палон. Вырашыла вярнуцца на малую радзіму. Прачытаўшы аб’яву, што ў магазін “Міля” патрабуецца прадавец на падмену дэкрэтнага водпуску, дзяўчына вырашыла паспрабаваць. Яе разважлівасць, стараннасць, мэтанакіраванасць і сумленнасць адразу заўважылі ў калектыве. Больш вопытныя калегі нават сталі звяртацца да дзяўчыны за парадай. – Перш за ўсё трэба любіць сваю работу, – сцвярджае Анастасія, – тады яна будзе найбольш карысная грамадству. Мне падабаецца гутарыць з людзьмі, цікавіцца іх запытамі. Калі тавару багата, шмат пакупнікоў наведваецца – так і дзень неўзабаве прабяжыць, і сумаваць няма калі. А каб быць добрым работнікам, трэба ўмець знайсці падыход да чалавека, падказаць, параіць. І не мае ніякай розніцы, хто прыйшоў за пакупкамі: малады ці стары, багаты ці бедны. Да любога неабходна заўсёды ставіцца з дабром, яно тым жа і вернецца. Расказваючы аб сваіх планах на будучыню, дзяўчына адзначыла: “У першую чаргу – набыць вышэйшую адукацыю. А далей будзе бачна, не хачу загадваць наперад”.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.