Высокий прыжок Юлии Головко
У Гродне прайшло абласное першынство па лёгкай атлетыцы сярод падлеткаў. За галоўны прыз спаборніцтваў змагаліся і выхаванцы Зэльвенскай ДЮСШ. На працягу двух дзён яны даволі паспяхова выступалі ў розных лёгкаатлетычных відах: бегу на розныя дыстанцыі, спартыўнай хадзьбе, скачках у даўжыню, штурханні ядра, кіданні кап’я, дыска і молата.
У малодшай узроставай групе выдатны вынік паказаў вучань гімназіі №1 г.п.Зэльва Максім Жабрак. Ён стаў пераможцам у кіданні кап’я і бронзавым прызёрам у кіданні молата. Другія месцы ў бегу на дыстанцыі 60 і 300 метраў заняў Ілья Ляута з Дзярэчынскага дз/с-СШ.
Айлара Шадыева з гімназіі №1 вызначылася ў кіданні кап’я.
У старэйшай узроставай групе ў скачках у вышыню перамогу заваявала Юлія Галаўко (СШ №2).
Пераможцай у скачках з шастом стала былая вучаніца Князеўскай гімназіі, а зараз выхаванка школы алімпійскага рэзерву Аляксандра Свістун.
– Выступленні зэльвенскіх спартсменаў нас парадавалі, – адзначае дырэктар ДЮСШ
Генадзій Галаско. – Лёгкаатлеты паказалі выдатную спартыўную падрыхтоўку і майстэрства. Добрыя вынікі так проста не даюцца, яны дасягаюцца пастаяннымі напружанымі трэніроўкамі. Усебакова падрыхтавалі да спаборніцтваў сваіх вучняў трэнеры Уладзімір Качук і Ганна Каленка.
Пажадаем зэльвенскім лёгкаатлетам новых спартыўных дасягненняў.