Хлебнае атрымалася свята
У хлебаробаў СВК “Сынкавічы” стала добрай традыцыяй у аптымальныя тэрміны выконваць важныя сельскагаспадарчыя работы. Сёлетнюю ўборачную кампанію яны правялі на высокім узроўні, загадзя прадумаўшы яе стратэгію. Таму вырашчаны ўраджай сабралі без страт і cвоечасова. І з поўным правам у мінулую суботу справілі дажынкі. Гэта свята якраз супала з 70-годдзем утварэння гаспадаркі.
Прасторны сельскі Дом культуры ледзь умясціў усіх удзельні-каў мерапрыемства, ганаровымі гасцямі якога сталі ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці. Менавіта ім былі прадастаўлены месцы ў першым радзе.
Пад гучныя апладысменты прысутных на сцэну вынеслі прыгожы духмяны каравай з мукі новага ўраджаю і ўручылі яго старшыні сельгаскааператыва Дзмітрыю Дзешко. Прымаючы бясцэнны дар, Дзмітрый Аляксандравіч ад імя праўлення гаспадаркі выказаў усім хлебаробам шчырую падзяку за працу.
Надышла чарга ўзнагароджвання перадавікоў, якія вызначыліся на жніве. А адзначаць было каго! Дастаткова сказаць, што на працягу ўсёй уборачнай кампаніі камбайнеры гаспадаркі былі ў ліку пераможцаў раённага спаборніцтва. 11 камбайнавых экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон зерня кожны, 5 – больш за дзве тысячы. Першым на сцэну падняўся Вячаслаў Калошыч, які на камбайне “Джон Дзір-9640і” намалаціў 1899 умоўных тон збожжа без рапсу і насення траў. Другое месца прысуджана Сяргею Калодка: яго намалот склаў 1681 умоўную тону зерня, трэцяе – Валянціну Парфенчыку, які на камбайне “Лексіён-580” намалаціў 1644 умоўныя тоны зерня.
Гонару і пашаны былі ўдастоены і вадзіцелі. Так, Юрый Галонскі на аўтамабілі “МАЗ-555” перавёз 553 умоўныя тоны зерня. Святаслаў Латош даставіў на зернесушыльны комплекс на машыне “УРАЛ-4320” 647 умоўных тон зерня і заняў другое месца ва ўнутрыгаспадарчым спаборніцтве. Трэцяе месца па-дзялілі трактарыст Мікалай Каўчун і вадзіцель Уладзімір Роцька.
Дзень і ноч старанна працавалі на дапрацоўцы збожжа машыністы зернесушыльнага комплексу “КЗСВ -30” Барыслаў Барынбаеў, Сяргей Маркоўскі і іх памочнікі Юрый Дзянішчык і Дзмітрый Пузан. Яны выйшлі пераможцамі не толькі ў гаспадарцы і раёне. Іх імёны ў ліку першых на п’едэстале гонару Гродзеншчыны. На іх рахунку амаль 12 тысяч дапрацаванага збожжа. Сярод машыністаў, якія працавалі на зернесушылцы “М-819”, вызначыўся Уладзімір Фіркін. Усе яны, чые рукі ў час сёлетняга жніва зведалі цану збожжа новага ўраджаю, атрымалі ў святочны дзень за-служаныя граматы і прэміі. Вясковыя дзяўчаты-прыгажуні павязалі ім стужкі “Пераможца жніва” і ўручылі караваі. Духмяныя боханы прымалі і спецыялісты агранамічнай і інжынернай служб гаспадаркі.
Шмат удзячных слоў за сумленную працу прагучала ў адрас загадчыкаў складоў, якія ўмела арганізоўвалі прыёмку выра-шчанага ўраджаю, механізатараў, якія ўбіралі і сціртавалі салому, рыхтавалі глебу пад сяўбу азімых, паляводаў, якія працавалі на ачыстцы зерня, падрыхтоўцы насеннага матэрыялу. Адзначана праца рамонтнікаў, якія своечасова праводзілі рамонт зернеўборачных камбайнаў і іншай тэхнікі. А таксама бухгалтараў, эканамістаў, дыспетчараў і работнікаў сталовай. Гэтыя людзі разам з усімі ўнеслі свой пасільны ўклад у паспяховае правядзенне жніва.
Усіх працаўнікоў са святам віншавалі старшыня Сынкавіцкага сельвыканкама Сяргей Духцік, свяшчэннаслужыцель іерэй Сяргей Шумец.
Пасля ганаровага ўшаноў-вання ўдзельнікаў жніва распачаліся ўрачыстасці з нагоды юбілею гаспадаркі. Вядучыя нагадалі гісторыю яе заснавання. У першыя цяжкія пасляваенныя месяцы 1944 года на тэрыторыі вёскі Сынкавічы быў створаны калгас імя XVIII партз’езда, старшынёй якога стаў мясцовы жыхар Сяргейчык. Былі сфарміраваны паляводчая і жывёлагадоўчая брыгады. З пачатку існавання гаспадарка ў сярэднім атрымлівала з гектара па 10 цэнтнераў зерневых і 100 – бульбы. З кожным годам калгас мацнеў і развіваўся. Праз некаторы час на яго базе быў створаны саўгас імя XVIII партз’езда. Новая гаспадарка хутка выйшла на перадавыя пазіцыі на Зэльвеншчыне па вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. У канцы 90-х мінулага стагоддзя да саўгаса далучылі калгас імя XX партз’езда, а праз дзясяткі гадоў – і былы калгас “Зара”. Гаспадарка стала адной з буйных вытворцаў сельгаспрадукцыі ў раёне. Апошнія дзесяцігоддзі яна носіць назву населенага пункта, на базе якога і была заснавана. Неабходна адзначыць, што ў некаторых вёсках, якія ўвайшлі ў саўгас імя XVIII партз’езда, калгасы былі створаны яшчэ ў 1940-м і 1941-м гадах. Але гэта зусім іншыя старонкі гісторыі.
У розныя гады гаспадарку ўзначальвалі Мікалай Рыпінскі, Сідар Лях, Міхаіл Бузун, Мікалай Надудзік, Леанід Сукалаў, Раман Феактыстаў, Ілья Мароз, Сямён Лапацкі, Мікалай Дзенісевіч, Аляксандр Юрык, Уладзімір Жабрун, Мікалай Бусько, Васілій Харута. На жаль, большасці з гэтых людзей ужо няма ў жывых, але памяць аб іх захоўваюць сынкавіц-кія працаўнікі. На свяце перад прысутнымі выступіў адзін з былых кіраўнікоў Мікалай Бусько.
Цёпла віншавалі працаўнікоў СВК “Сынкавічы” з дажынкамі і юбілеем дырэктар Зэльвенскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Таіса Жалкоў-ская, начальнік ДРБУ-118 Андрэй Казлоўскі, дырэктар Елкаўскай СШ Анатолій Лебедзь.
Пад бурныя апладысменты для атрымання ўзнагарод на сцэну падымаліся былыя працаўнікі, якім прысвоена ганаровае званне “Заслужаны калгаснік”, і тыя, хто мае ўрадавыя ўзнагароды. Сярод іх Фёдар Дзянішчык і Міхаіл Суша, адзначаныя ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Сабіна Лазоўская – ордэнам Працоўнай Славы II і III ступеняў, Фёдар Несцяровіч –“Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі” і многія іншыя, хто шмат гадоў самааддана працаваў на карысць нашай дзяржавы. Ва ўрачыстай абстаноўцы былі названы імёны многіх іншых людзей, чыя працоўная біяграфія звязана з гэтай гаспадаркай.
На працягу ўсяго мера-прыемства шчодра дарылі музычныя падарункі і стваралі святочны настрой салісты з устаноў культуры раёна. Выдатным сюрпрызам сынкавіцкім людзям і гасцям стала выступленне народнага артыста Беларусі Анатолія Ярмоленкі і яго легендарнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Сябры”. У іх прыгожым выкананні прагучалі ўсім вядомыя песні “Сябры”, “Алеся”, “Лягу, прылягу”, “Глухариная заря”, “Гуляць, дык гуляць!”, “У криницы”, “Завалинка”, “Шестиструнная гитара” і іншыя.
Віншаванні, шчырыя словы падзякі, пачутыя працаўнікамі гаспадаркі ў святочнай абстаноўцы, атрыманыя падарункі будуць добрым стымулам для далейшай плённай працы.
Пасля завяршэння ўрачыстасці мне давялося пагутарыць з некаторымі ўдзельнікамі жніва.
Аляксандр Парфенчык, галоўны аграном:
– Кожны, хто хоць аднойчы спазнаў шчасце вырошчваць хлеб, ведае, як адклікаецца поле на старанне і клопат хлебаробаў. Для атрымання сёлетняга ўраджаю мы зрабілі шмат: азімыя і яравыя пасеялі ў аптымальныя тэрміны і на высокім агратэхнічным узроўні, своечасова і якасна правялі догляд культур. Ураджайнасцю парадавалі азімыя зерневыя і яравыя. Так, кожны гектар азімай пшаніцы даў па 60 цэнтнераў збожжа, ячменю – 61,7 цэнтнера.
Вячаслаў Калошыч, камбайнер:
–Калі пачынаецца жніво, жыццё ідзе некалькі па іншым распарадку. З дому выходзіш на досвітку і вяртаешся зацемна. Дзён за працай не заўважаеш. На камбайне працую ўжо шмат сезонаў. Перадавіком стаў не адразу: спатрэбіўся час, каб набрацца вопыту і майстэрства. Хочаш дабівацца станоўчых вынікаў – павінен любіць сваю справу і адказна адносіцца да яе. Уборка ніколі лёгкай не бывае, сёлетняя – тым больш. Вельмі цяжка даваліся палеглыя ўчасткі збажыны. Тым не менш, сухі колас добра абмалочваўся. Шчыра прызнаюся, вельмі прыемна было сёння чуць столькі добрых слоў у свой адрас. Хочацца па-дзякаваць кіраўніцтву гаспадаркі, якое заўсёды па заслугах ацэньвае нашу працу.
Віктар МАКОЎСКІ.