Хоць заўтра ў поле
У мехмайстэрнях сельгаспрадпрыемстваў усе зімовыя месяцы кіпіць работа. Механізатары рамантуюць трактары, сеялкі, плугі, дыскі і іншыя агрэгаты. Каб вясной тэхніка не прастойвала,трэба зараз пастарацца.
Цікавімся, як ідзе падрыхтоўка да вясенніх палявых работ у СВК “Сынкавічы”.
Па словах галоўнага інжынера сельгаспрадпрыемства Віктара Шышлоўскага, на сённяшні дзень ужо адрамантаваны культыватары і агрэгаты перадпасяўной апрацоўкі глебы, чатыры камбінаваныя пасяўныя агрэгаты (адзін у рамонце), восем гноераскідальнікаў (тры ў рамонце), пяць раскідальнікаў мінеральных угнаенняў (два ў рамонце). Што датычыцца трактараў, з іх 80 працэнтаў ужо гатова да выхаду ў поле. Завяршаецца рамонт плугоў.
Рыхтаваць тэхніку да веснавой сяўбы ў “Сынкавічах” пачалі адразу пасля заканчэння асенніх палявых работ. На кожную адзінку склалі дэфектовачныя ведамасці з указаннем тэхнічнага стану. Рухавікі і каробкі перадач, пры неабходнасці, адпраўлялі на рамонт-ныя заводы. Запасныя часткі завозяцца па меры патрэбы. Паступова ствараецца іх запас на выпадак непрадбачаных паломак. Кіраўніцтва сельгаскааператыва на гэтыя мэты сродкаў не шкадуе, бо добра разумее, што ад безадказнай работы тэхнікі залежаць і тэмпы, і якасць работ.
У майстэрні і на мехдвары вёскі Снежная адрамантаваныя пасяўныя агрэгаты, прыстасаванні для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў ужо выстаўлены пад павецямі на лінейку гатоўнасці.
За клопатам пра тэхніку не забываюць і пра людзей. Створаны ўсе ўмовы для бяспечнай працы, выконваюцца супрацьпажарныя і санітарна-гігіенічныя нормы. У рамонтнай майстэрні ёсць абагравальная ўстаноўка, якая працуе на мясцовых відах паліва. Таму, нават калі на вуліцы мароз, у памяшканні цёпла і ўтульна. Ёсць гарачая вада.
–Ад таго, як спрацуем зараз, будзе залежыць ход пасяўной кампаніі, – гаворыць загадчык майстэрні Мікалай Букаты. – Імкнёмся ўсе рамонтныя работы праводзіць своечасова і якасна. Многа ўжо зроблена. Літаральна ўчора завяршылі рамонт пасяўнога агрэгата. У нас прынята, што кожны механізатар рамантуе замацаваную за ім тэхніку. Бо хто, як не сам гаспадар таго ж трактара, лепш ведае яго праблемныя месцы. Акрамя таго, занятасць на рамонце тэхнікі – добрая магчымасць атрымаць большы заробак.
Разам з Мікалаем Букатым мы прайшліся па рамонтнай майстэрні і машынным двары. Паўсюдна панавала рабочая атмасфера. Калі і здаралася замінка, то ненадоўга. Усе – і механізатары, і вадзіцелі, і члены рамонтных звенняў – працуюць сумленна. Шмат гадоў задзейнічаны на рамонтных работах токар Генадзій Чурыла і газаэлектразвар-шчык Ігар Лебедзеў. Сярод механізатараў загадчык майстэрні назваў лепшымі Міхаіла Жака, Аляксандра Петраша, Сяргея Грэцкага, Юрыя Іскру, Анатолія Шылу. Усе настроены на тое, каб сельскагаспадарчую тэхніку прывесці ў парадак да першага сакавіка і без прамаруджвання прыступіць да веснавых палявых работ.