“Яе вялікасць кніга”. Пра скруткі, першыя кнігі з малюнкамі можна даведацца ў музеі гісторыі рэлігіі
Выстава “Яе вялікасць кніга” прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Яна сімвалічна адкрылася яшчэ напярэдадні Свята беларускага пісьменства.
У экспазіцыі кнігі XVI – XVIII стагоддзяў, геаграфія паходжання якіх ахоплівае не толькі сучасную тэрыторыю Беларусі, але і вялікую частку Еўропы. Іх гісторыю распавядае старшы навуковы супрацоўнік музея Сяргей Казуля. Да прыкладу, самая старая кніга, што ёсць у калекцыі музея – твор Мікалая фон Амсдорфа “Аб непарушнасці словаў Хрыста”. Яна была выдадзена ў Магдэбургу ў 1549 годзе і друкаваная. Але ёсць у экспазіцыя багата рукапісных кніг. Першая – скрутак, які мала падобны да сучаснай кнігі, прамавугольная форма якой, аказваецца, называецца “кодэкс”.
Асобны стэнд прысвечаны самай вялікай друкарні на тэрыторыі ВкЛ – Віленскай акадэмічнай, якая была заснавана ў 1586 годзе пры Езуіцкай Віленскай акадэміі. Гэтыя кнігі ў асноўным упрыгожаны гравюрамі – там была добрая гравюрная школа. Змешчаны на іх старонках і шляхецкія гербы мецэнатаў, што падтрымлівалі кнігавыданне.
Калі ж казаць пра гравюры, найбольш цікавае ў гэтым сэнсе Евангелле, выдадзенае ў 1644 годзе ў горадзе Еўе (сучасная Літва) у праваслаўнай друкарні. Менавіта яго навукоўцы лічаць самым прыгожым па арнаментыцы за ўвесь час існавання беларускага кірылічнага друкавання.
Цікава ўбачыць кнігну “Аб веры”, выдадзеную для старавераў у Гродзенскай каралеўскай друкарні, заснаванай Антоніем Тызенгаузам, а таксама кнігі са збору некаторых гродзенскіх манастыроў, у тым ліку кляштара брыгітак. На выставе прадстаўлены выданні полацкай, нясвіжскай, магілёўскай друкарань. Адметна, што на сучаснай тэрыторыі Беларусі ў сферы кнігавыдання панавала шматмоўнасць і шматканфесійнасць. Выходзілі кнігі на польскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, старажытнабеларускай, нямецкай і іншых мовах. Такая талерантнасць была характэрна для нашых зямель і ў той час.
Наведаць выставу можна да канца кастрычніка.
«ГП»



