Як зэльвенцы Масленіцу сустракалі
Святкаванне Масленіцы на Зэльвеншчыне стала добрай традыцыяй. Развітацца з зімой і паклікаць вясну з’язджаюцца ў пасёлак землякі з розных куточкаў рэгіёна. Заўсёды на свяце шмат гасцей. Вось і ў нядзелю на цэнтральную плошчу спяшаліся бацькі з дзецьмі, бабулі і дзядулі з унукамі, прапаркоўваліся машыны з мінскімі, брэсцкімі і нават расійскімі нумарамі. Звонкія народныя спевы, вясёлыя карагоды так і бавілі хутчэй далучыцца да імпрэзы.
Тэатралізаванае прадстаўленне, з якога пачалося народнае гулянне, распавядала аб тым, як усе навокал мараць хутчэй развітацца з зімой, аднак яна сама пакуль што не спяшаецца адыходзіць.
Вясна пайшла на хітрасць і халоднае сэрца расчуліла задушэўнымі песнямі, жартамі і гульнямі.
І пакуль на цэнтральнай пляцоўцы гучалі мелодыі ў выкананні мясцовых самадзейных артыстаў, а таксама гасцей з суседніх Свіслацкага і Бераставіцкага раёнаў, на гульнёвых пляцоўках ладзіліся масленічныя забавы. Дзеці з задавальненнем адгадвалі загадкі, дапаўнялі прыказкі і прымаўкі, спаборнічалі на хуткасць, лоўкасць і спрыт. Канешне ж, за перамогу можна было атрымаць самы духмяны блін.
Пакаштаваць смак зэльвенскіх бліноў можна было амаль што на кожным кроку. Прапаноўваліся беларускія дранікі, аладкі з сакрэтам. Апроч гаспадынь з Бародзіч, Князева, Елкі, Дабраселец, Крывіч, гарачая страва прадавалася ў павільёнах філіяла аблспажыўтаварыства.
Сярод іншых масленічных забаў – гульні сярод дарослых, конкурсы і танцы. Ці мароз зрабіў сваю справу, ці вясёлыя кампазіцыі падымалі настрой, як бы там не было, але зэльвенцы і госці весяліліся і радаваліся. Некаторыя кінуліся ў скокі з героямі імпрэзы, другія прытанцоўвалі на месцы, знайшліся і такія, хто арганізаваў карагод.
–Марозна і снежна, хіба ж гэта не нагода радавацца, тым больш пад такія цудоўныя кампазіцыі, – падзялілася сваім настроем Аксана Канюшык з Баранавіч. – Падабаецца зэльвенская Масленіца, кожны год прыязджаю і атрымліваю вялікае задавальненне. На гэты раз з сабой узяла нават сяброў, якія засталіся пад добрымі ўражаннямі.
–Масленіца – гэта зарад добрага настрою, – гаворыць Анжэла Мачок з Зэльвы. – Змаглі адведаць бліноў і іншых смачных страў, набыць сувеніры ручной работы і адпачыць пад музыку.
Традыцыйны элемент святкавання Масленіцы – спальванне пудзіла зімы. На чале с галоўнымі героямі театралізаваннай пастаноўкі ўсе накіраваліся да вогнішча. Некалькі развітальных карагодаў, і – пудзіла зімы паляцела на агонь. А з ім дрэнныя думкі і непрыемнасці. Дарослыя і дзеці пачалі клікаць вясну.
Людміла ПОПКА





















