Чым жывеш, аграгарадок? Пацікавілася карэспандэнт «Працы» ў жыхароў аднаго з самых старэйшых населеных пунктаў Зэльвеншчыны – Дзярэчына

У кожнага горада ці вёскі, незалежна ад памеру, свой лёс, свая гісторыя, свае людзі.  Ёсць яны і ў аграгарадкоў, дзе ўдала спалучаюцца сялянскі быт і гарадская інфраструктура. Раённая газета «Праца» вырашыла ініцыіраваць новы міні-праект пад назвай “Чым жывеш, аграгарадок?”, у рамках якога здзяйсняць невялікія падарожжы па прыгожых зэльвенскіх куточках і расказваць аб іх сваім чытачам. Старт сваёй задумцы даём у старэйшым, самым загадкавым і цікавым мястэчцы – Дзярэчыне. Нагадаем, у мінулым годзе тут спраўлялі 600-годдзе з дня першага дакладнага згадвання Дзярэчына ў Літоўскай метрыцы. За шэсць стагоддзяў шмат чаго перажыў населены пункт. Яго землі належалі знакамітым у гісторыі вяльможам Палубінскім, Вішнявецкім, Радзівілам, Сапегам. І кожны з іх клапаціўся, каб край квітнеў, прыносіў дастатак і дабрабыт. Затым грымнулі Айчынная вайна 1812 года, Вялікая Айчынная вайна 1941 – 1945 гадоў, якія пакінулі тут страшэнны адбітак… Далей – цяжкія дзесяцігоддзі аднаўлення, новабудоўлі… Усё гэта старонкі гісторыі, якія не выкрэсліш з памяці. – Няхай і нячаста, але ўспамінаю юнацтва і маладосць, – прызнаецца адна з дзярэчынскіх старажылаў Зінаіда Шабунька. – Я ж тутэйшая, пяляжынская. У 1960 годзе скончыла Дзярэчынскую школу, а праз 6 гадоў з дыпломам настаўніка вярнулася ў яе працаваць. Разам з іншымі калегамі прымала ўдзел у будаўніцтве новай школы. На маіх вачах “вырасталі” Дом культуры, магазіны, будынкі сельвыканкама, КПП прадпрыемства бытавога абслугоўвання. У 2008 годзе вёска атрымала статус аграгарадка з развітай інфраструктурай. Мы, цяперашнія яго жыхары, карыстаемся шэрагам паслуг. Напрыклад, мне, пенсіянерцы, па ўсялякіх справах дапамагае сацыяльны работнік. Патрэбна памыць бялізну, адрамантаваць абутак ці купіць нейкія недарагія дробязі? Калі ласка – побач комплексны прыёмны пункт, там жа цырульнік. У крокавай даступнасці ашчадная каса, пошта, аптэка, амбулаторыя. Ды і культурна-масавае жыццё наладжана па прынцыпе «ўсё для людзей». Бярэм да ўвагі словы Зінаіды Уладзіміраўны і трымаем шлях ва ўстанову культуры. Здалёк чуваць прыгожыя мелодыі і дзіцячыя галасы. Пазней даведаемся ад мастацкага кіраўніка Марыі Жоглік, што гэта – генеральная рэпетыцыя канцэртнай праграмы, якую землякам плануюць паказаць падчас святкавання Дня Перамогі. Дарэчы, пры аддзеле па арганізацыі культурна-досугавай дзейнасці жыхароў аграгарадка працуе некалькі дзіцячых гурткоў, сярод якіх танцавальна-драматычны і сольных спеваў, а таксама чатыры аматарскія аб’яднанні для дарослых. Для людзей пенсійнага ўзросту арганізаваны клуб аматараў песні і гумару “Тапаліна”, мясцовыя пісьменнікі і паэты збіраюцца ў літаратурным аб’яднанні “Родник”. Гонарам мястэчка з’яўляецца народны ансамбль народнай песні “Званочкі”, які не толькі радуе дзярэчынцаў сваёй творчасцю, але і штогод удзельнічае ў значных раённых і абласных мерапрыемствах. У красавіку калектыў у чарговы раз годна вытрымаў экзамен на прафпрыдатнасць і пацвердзіў званне народнага. На другім паверсе будынка – аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры. Чаго тут толькі няма! Якія толькі рамёствы не прадстаўлены! Расказваць аб народным быце і традыцыях, звычаях нашых продкаў арганізатар музейных экспазіцый Ала Сідорык можа гадзінамі. А яшчэ дзярэчынцы падзяліліся з намі сакрэтам, што кожная музейная рэч мае сваю гісторыю, а кожны тутэйшы майстар – сапраўдная знаходка для рэгіёну. Тут жывуць і разьбяры па дрэве, і вышывальшчыцы, і керамісты, і мастакі. Сёння работы кожнага з іх можна ўбачыць на раённых выставах народнай творчасці, што ладзяцца амаль на кожным маштабным мерапрыемстве. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія некалькі хвілін таму дэманстравалі нам свае вакальныя здольнасці, дагналі нас, каб запрасіць наведаць школу. Па дарозе мы прыглядаліся да чыстых вуліц, пафарбаваных фасадаў і агароджаў, да вясновых кветнікаў, дэндрарыя, разбітага ў двары дзіцячага сада-сярэдняй школы. Міжволі адзначалі, як ўсё навокал прыгожа, акуратна. Па ўсім відаць, што жывуць тут сапраўдныя гаспадары. Нездарма Пётр Марціноўскі пісаў: «Дзярэчын, мілы мой Дзярэчын!». У гэтым аграгарадку ўсё вабіць вока. Але да справы. Мясцовая ўстанова адукацыі дзейнічае з 60-х гадоў і дае сваім навучэнцам важкія веды. Як нам расказалі, выпускнікі Дзярэчынскага дз/с-СШ штогод становяцца студэнтамі прэстыжных беларускіх ВНУ. Зараз школу наведвае больш за сотню школьнікаў, дзіцячы сад налічвае 26 выхаванцаў. Таксама працуе вучэбна-вытворчы камбінат, у якім звыш сотні юнакоў і дзяўчат атрымліваюць трывалую дадатковую адукацыю. – Я ганаруся сваімі дзецьмі і цалкам задаволена тым, што яны займаюцца ў мясцовай школе, – прызнаецца Таццяна Турлюк, маці дваіх сыноў. – Старэйшы Максім, праўда, ужо скончыў 11 класаў і паступіў на бюджэтную форму навучання ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Малодшы Паша – дзевяцікласнік, актывіст, спартсмен, удзельнік розных спаборніцтваў. Вось і сёння вярнуўся з абласных спаборніцтваў па велатурызме. Я лічу, што працэс навучання і выхавання ў школе пастаўлены на высокім узроўні. Акрамя засваення вучэбнай праграмы школьнікам прапаноўваюць усебакова развіваць свой светапогляд. Для гэтага працуе каля 20 гурткоў па самых розных накірунках. Марыш быць здаровым і фізічна загартаваным – да паслуг спартыўная зала і стадыён. Пабываць у аграгарадку і не забегчы ў магазін – грэх. На прылаўках – сакавітая агародніна і садавіна, свежая малочная і мясная прадукцыя, прыемны пах ідзе ад хлебабулачных вырабаў. Цікавімся, што набываюць сяльчане. – Адразу з работы зайшоў купіць хлеб і батон, – гаворыць Аляксандр Косцікаў, – заўсёды бяру зэльвенскія – і смачна, і  мясцовага вытворцу падтрымліваю. Ды і выбар, паглядзіце, які! – А я люблю і каўбасныя вырабы зэльвенскай вытворчасці, – уступае ў размову Станіслаў Сідорка. – На вячэру ўзяў каўбасу “Вясковую”. У нашым магазіне капуста, агуркі, памідоры, яблыкі – на выбар, што яшчэ трэба?! – Вы падыдзіце да халадзільніка з малочнай прадукцыяй, – запрашае Марына Бабыля, якая прыйшла з дачкой купіць прадукты. – Тры малочныя заводы пастаўляюць малако, кефір, масла, смятану, сыры, ёгурты. Усё свежае і смачнае. Як і мясныя вырабы, якія прадстаўлены Ваўкавыскім, Слонімскім, Лідскім, Баранавіцкім мясакамбінатамі. Спакусіўшыся народнай «рэкламай» дзярэчынцаў, і сабе набываем хвалёныя яблыкі, беллактаўскую смятану і шчучынскі сыр. У сельскай мясцовасці, канешне ж, не абыходзіцца без штодзённых клопатаў і праблем. Са сваімі турботамі сяльчане звяртаюцца да старасты Таісы Біч. – Пытанні ў людзей бываюць розныя, – гаворыць Таіса Мікалаеўна. – Камусьці агароджу трэба паправіць, хтосьці просіць вулічнае асвятленне адрамантаваць пры тым, што дзярэчынскія вуліцы асвятляюцца ў цёмны час сутак пастаянна, некаторыя хочуць вялікі магазін прамысловых тавараў… Але да кожнай заўвагі трэба падыходзіць аб’ектыўна, улічваючы сённяшні час і эканамічныя ўмовы. Усё ж, калі ўзнікае праблема, стараемся вырашыць яе са старшынёй сельвыканкама, не пакідаем па-за ўвагай ні адно з пытанняў. А ўвогуле людзі ў нас дружныя, працавітыя і вясёлыя. Што дзярэчынцы сапраўды не сядзяць склаўшы рукі, пераканаліся, прайшоўшы па вуліцах. Гаспадыні апрацоўвалі прысядзібныя ўчасткі, гаспадары рупліва завіхаліся ў дварах. У гэты ж час падлеткі гулялі ў футбол, каталіся на веласіпедах (дарэчы, правілы дарожнага руху ведаюць, у чым пераканаліся падчас размовы са спыненым дзеля экспрэс-тэста па ПДР Сяргеем Янкоўскім), маладыя сем’і прагульваліся з малечай… Адным словам, у Дзярэчыне жыццё ідзе сваёй чаргой.     Людміла ПОПКА.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.