Юныя зэльвенскія парафіяне перадалі праз тэатралізаваную пастаноўку сэнс Светлага Нараджэння Хрыста

Радасную падзею Божага Нараджэння перажываюць каталіцкія вернікі. У калядныя дні перад імі прыадкрываецца вялікая Таямніца Нараджэння Збаўцы. І значнасць гэтай падзеі нельга зразумець, не ведаючы гісторыі, апісанай у Евангеллі. Урывак быў зачытаны святаром у святую ноч. А сёння, у дзень урачыстасці, вучні катэхезычных заняткаў прадэманстравалі прыгожую тэатралізаваную пастаноўку, прысвечаную святу Нараджэння Езуса.

Яркае выступленне падлеткаў, якія артыстычна выконвалі свае ролі, нагадала ўсім прысутным у касцёле Святой Тройцы аб падзеі той снежаньскай чароўнай ночы, калі ў стаенцы на свет з’явіўся Езус Хрыстус. Юныя артысты, нягледзячы на хваляванне, удала перадавалі кожную дэталь таго, што адбывалася дзве тысячы гадоў таму.

Парафіяне з інтарэсам назіралі за ходам спектакля, а іх дабразычлівасць і падтрымка давала сілы хлопчыкам і дзяўчынкам раскрыць значэнне пастаноўкі. Вершы, песні, адпаведная музыка (адна з дзяўчынак суправаджала выступленне ігрой на скрыпцы) і прыгожа падабраныя касцюмы ўдала адлюстравалі біблійскі сюжэт.

На мой погляд, гэтая сцэнка вельмі патрэбна, у першую чаргу, нам, школьнікам, якія яшчэ пазнаюць Евангелле, спрабуюць зразумець падзеі, апісаныя ў ім, вучаць малітвы і значнасць таго, наколькі важна наведваць касцёл, – падзяліўся сваёй думкай Аляксей Лабовіч, адзін з галоўных герояў пастаноўкі. – Канешне ж, трошкі хваляваўся, дарэчы, як і ўсе астатнія. Але так як яшчэ ў дзіцячым садку ўдзельнічаў у міні-спектаклях, спадзяваўся, што ўсё атрымаецца. Падрыхтоўка і выступленне дапамаглі нам, дзецям, душэўна  перажыць сэнс святочнай дзеі. Думаю, што і гледачам спадабалася.

Ксёндз Яцэк, шчыра дзякуючы дзяцей за яркае святочнае выступленне, павіншаваў вучняў з Раством, пажадаў ім Божай дапамогі ва ўсіх справах, у тым ліку ў паспяховай вучобе, цікавых канікул і сустрэч.

Яшчэ адным урачыстым момантам першага святочнага дня стала ўвядзенне ў храм маленькага хрысціяніна. Хрост хлопчыка – знак таго, што вера будзе жыць, а супольнасць каталікаў з радасцю прымае кожнага, хто адкрывае свае сэрца для Пана.

Нядзельная імша завяршылася віншавальнымі паштоўкамі і супольным спевам калядных песень.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены