Які след мы пакідаем. Нашчадкі роду Шматко сабраліся на сумесную сустрэчу ў Зэльве

Чалавека сляды
У стагоддзях не гінуць.
Гэта помні заўжды,
Перш чым след свой пакінуць.
Е.Лось

Гэтыя радкі з верша вядомай паэтэсы сталі дэвізам для нашчадкаў Іосіфа і Уладыславы Шматко падчас іх сустрэчы ў Зэльве. Ідэя сустрэчы ўзнікла ў дзень Радуніцы, калі некалькі дзяцей і ўнукаў спаткаліся каля магіл продкаў бліз Жалудка. А калі пабачылі, як зарастаюць сцежкі да хутара, дзе жылі доўгія гады Іосіф Вікенцьевіч і Уладыслава Уладзіміраўна, ідэя стала канкрэтным планам.
Зэльву месцам сустрэчы абралі невыпадкова: тут шмат гадоў жыў, тут знайшоў вечны спачын адзіны сын з чатырох дзяцей Іосіфа і Уладыславы Шматко – Станіслаў. Тут хадзілі ў школу яго дзеці, тут і зараз жывуць некалькі членаў яго сям’і.

Нашчадкаў хутаранцаў аказалася 49 (у тым ліку, на жаль, ужо і адышоўшых у іншы свет). На сустрэчу прыехалі 33 чалавекі. Дзякуючы супрацоўніцы дзённага аддзялення ЦСАН Таццяне Сяркевіч мы змаглі падрыхтаваць паўнацэнную прэзентацыю гісторыі сямей усіх чатырох дзяцей Іосіфа і Уладыславы. Паказ пачыналі, вядома ж, з фотаздымкаў іх саміх. Іх захавалася няшмат, але якія дарагія гэтыя фотафакты! Вось Уладыслава з сяброўкамі незадоўга да замужаства, вось яна з трыма дзеткамі, а вось і чацвёртая на руках… Адшукалі фотаздымкі радні як Іосіфа Вікенцьевіча, так і Уладыславы Уладзіміраўны (у дзявоцтве Дзядовіч). Кожны здымак выклікаў вялікую цікавасць і каментаваўся як вядучымі (Янінай і Уладзімірам Шматко), так і прысутнымі.

Гісторыя кахання Іосіфа і Уладыславы не вельмі тыповая для 30-х гадоў 20-га стагоддзя. Яны пазнаёміліся ў сястры Уладыславы, калі абое былі запрошаны як хрычовка бацькі першынца сям’і Лойкаў. Уладыслава ўжо мела на той час хлопца, і не проста хлопца, а нарачонага. Ужо і ў храме было аб’яўлена аб іх вяселлі. Чым прывабіў маладзенькую прыгожую дзяўчыну старэйшы за яе на 13 гадоў сталы кавалер, застанецца вечнай загадкай іх кахання. Але задачу бацькам дзяўчына задала нялёгкую: адмовіць жаніху, які вось-вось павінен быў стаць іх зяцем…

Жыццё маладых пачыналася перад вайной, жыць давялося ў адным доме з сям’ёй старэйшага брата. Будаваць сваё жыллё пачалі толькі ў пачатку 50-х гадоў. Аб тым, з якімі цяжкасцямі яно вялося, расказала старэйшая дачка – Ніна Болбат. А малодшая, Фаіна Роўба, прысвяціла дому, у якім прайшло дзяцінства і юнацтва, поўны болю верш, бо ўжо і “в окошке света нет”, і “нет тропинки до калитки” апусцелай хаты… Праўда, унук Сяргей Кулікоў нагадаў Указ Прэзідэнта аб пустуючых дамах і прапанаваў усім разам падумаць аб лёсе дзядулевай спадчыны.

Кожнай сям’і чатырох дзяцей галоўных герояў сустрэчы прысвячаліся серыя фотаздымкаў і ўспаміны прысутных як пра іх, так і пра свае сем’і. Іосіф Вікенцьевіч і Уладыслава Уладзіміраўна былі вельмі рознымі па натуры людзьмі. Яны чымсьці нагадвалі быкаўскіх Сцепаніду і Пет-
рака са “Знака бяды”. Імпульсіўная і энергічная Уладыслава і спакойны, разважлівы Іосіф. Дочкі жартавалі: “Хоць мы больш любілі ў дзяцінстве бацьку (менш ад яго даставалася), але самі сваімі паводзінамі больш нагадваем матулю”. А ўнукі лічаць, што ім удаецца спалучаць у сабе харызму і энергію бабулі і памяркоўнасць дзеда.

Напэўна, галоўнае, што перадалі Іосіф і Уладыслава дзецям і ўнукам, – працавітасць. Ніна Іосіфаўна ўсё жыццё працавала тэхнологам у сферы грамадскага харчавання, Фаіна Іосіфаўна – на будоўлі. Менавіта яна з мужам былі ў ліку перадавікоў на ўзвядзенні Шчучынскага масласырзавода ў канцы 60-х-пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Нямала і іншых аб’ектаў можна прыгадаць. Станіслаў быў першакласным вадзіцелем, аб’ездзіў на МАЗах і КАМАЗах увесь былы Савецкі Саюз, прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў землятрусу ў Арменіі. Раіса Іосіфаўна Кулікава працавала на Скідзельскім цукровым заводзе, выгадавала чацвёра дзяцей, разам з мужам утрымлівала вялікую дамашнюю гаспадарку.

Усе чацвёра дзяцей Іосіфа і Уладыславы перанялі і іх спагадлівыя адносіны да людзей,
у першую чаргу да блізкай радні. Кожны з нас вельмі ўдзячны Мікалаю і Ніне Болбатам, якія заўсёды прыходзілі на дапамогу сем’ям сясцёр і брата.

Унукі прыгадвалі аб сваёй дапамозе дзядулю і бабулі. Штораз на канікулах яны прыязджалі на хутар, каб нарыхтаваць дроў, накасіць травы для каровы, прапалоць агарод, сабраць з кустоў ягады і г. д. Восенню прыязджалі, каб сабраць яблыкі: дзядуля быў першакласным садаводам, сад у яго быў даволі вялікі. Асабліва многа дапамагала дзядулі і бабулі Святлана. Яна не толькі летнія канікулы праводзіла на хутары, але і асеннія ды зімовыя. Потым свае абавязкі галоўнай памочніцы перадала сыну Андрэю. Нездарма сям’я Ханько так высока цанілася Іосіфам Вікенцьевічам і Уладыславай Уладзіміраўнай.

…Напэўна, галоўны вынік сустрэчы роду – асабістае знаёмства праўнукаў і прапраўнукаў. З якой любасцю глядзелі старэйшыя на Уладу Шматко, Кірыла Дацкевіча, Акіма, Алісу і Філата Куліковых! Першыя двое – працяг Станіслава Шматко, астатнія – Раісы Куліковай. Малеча нават паспела пакупацца ў зэльвенскім вадасховішчы, таму ёсць надзея, што турыстаў у Зэльве неўзабаве стане больш.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены