Ёсць імёны ў лідараў
“Хто рана ўстае, таму хлеба стае” – словамі гэтай народнай прымаўкі тлумачаць свой галоўны сакрэт поспеху пераможцы раённага спаборніцтва на жніве Ігар Абрамчук і Іван Масюк з СВК “Баро-дзічы”. На камбайне “Ліда-1300” яны намалацілі 1139 тон збожжа.
Героі-камбайнеры ў дружнай і зладжанай камандзе прайшлі ўсю ўборачную. Людзі яны сціплыя, аб сваіх поспехах шмат гаварыць не вельмі любяць.
Ігар Абрамчук у сельгаскааператыве працуе механізатарам тры дзясяткі гадоў. І сёлетняе жніво ў яго таксама трыццатае па ліку. Камбайнер добра памятае той час, калі яшчэ падлеткам захапляўся тэхнікай. Прайшло шмат гадоў. Цяпер Ігар Уладзіміравіч сапраўдны прафесіянал і адзін з лепшых работнікаў гаспадаркі. Па ўсім відаць: тэхніка – яго стыхія. Прозвішча механізатара неаднаразова гучала на раённых дажынках.
Сёння, як і ў гады маладосці, праца не перастала прыносіць яму задавальненне. З аднолькавай адказнасцю ён выконвае ўсе сезонныя работы: вясной і восенню – у кабіне трактара, летам – за штурвалам камбайна.
З лепшага боку праявіў сябе і яго напарнік Іван Масюк.
Перадавыя камбайнеры памятаюць не вельмі далёкія часы, калі на жніво выходзілі “Нівы”, “Коласы” і “Доны”. Выпрацаваўшы свой рэсурс, машыны часта ламаліся, таму расцягваліся тэрміны ўборкі, страчваўся ўраджай.
– А жніво ніколі не было лёгкім, – згадвае Іван Станіслававіч. – Галоўнае – не пасаваць перад цяжкасцямі. А яшчэ старацца, каб з-за збояў не прастойвала тэхніка. Бо, як кажуць, на дзень станеш – на два адстанеш.
– Што, на ваш погляд, самае галоўнае на жніве?– цікавімся ў лідараў.
– Не ўсё вырашае хуткасць, – адказвае старшы камбайнер. – Жніво – гэта
не гонкі па полі. Тут важна рацыянальна выкарыстоў-ваць рабочы час. А для гэтага неабходна ўмела кіраваць камбайнам.
За “Лідай-1300”, на якой працаваў перадавы экіпаж, нявымалачанага каласка ці згубленага зярняці не знойдзеш. Галоўны прынцып хлебаробаў – не марудзіць у рабоце, але і не губляць ураджай. Калі поле чыстае, а збажына сухая, ёсць спакуса прыбавіць скорасці, выйсці наперад па намалотах. Гэтага ў дбайных камбайнераў не назіралася.
Не дзіўна, што на такіх старанных хлебаробаў раўняліся і іншыя.
Віктар МАКОЎСКІ.