С 25 по 31 октября в Зельвенском районе проходит Неделя культуры

IMG_0080

З 25 па 31 кастрычніка ў нашым раёне праходзіць Тыдзень культуры. Кожны з сямі яго дзён распланаваны, можна сказаць, пагадзінна. У праграме – творчыя сустрэчы, выставы работ народных майстроў, настаўнікаў і вучняў дзіцячай школы мастацтваў, конкурсы і імпрэзы.
Дзень першы
Старт творчаму праекту быў дадзены ў мінулую нядзелю ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Зэльвенцы, якія прыйшлі на адкрыццё, найперш трапілі на экспазіцыю творчых работ настаўніка дзіцячай школы мастацтваў Васілія Шамрука і яго вучняў, а таксама спецыяліста па сацыяльнай рабоце цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насель-ніцтва Іны Агей. У фае цэнтра, дзе арганізавалі выставу, былі прадстаўлены шматлікія карціны творцаў, выкананыя ў розных відах тэхнікі.
Тэатралізаванае прадстаўленне, падчас якога Тыдзень культуры быў аб’яўлены адкрытым, разгарнулася на сцэне. Сама-дзейныя артысты змянялі адзін аднаго, яскрава дэманструючы прысутным свае таленты. Дружна падпяваў зал самым маленькім спявачкам канцэрта – удзельнікам эстраднага гуртка “Радуга”. Шчырымі апладысментамі суправаджаліся выступленні эстраднай студыі “Ретро”. Як заўсёды, цёпла сустракалі зэльвенцы любімыя калектывы – народны ансамбль народнай песні “Званочкі”, народны ансамбль песні і музыкі “Весялуха”, танцавальны калектыў “Каблучок”. Задушэўныя лірычныя песні ў выкананні Івана Матаха і Аксаны Маляўскай, Андрэя Лагошы і Анастасіі Герасіменкі, Станіславы Прызван і Вячаслава Шаўцова па-сапраўднаму ўпрыгожылі святочнае мерапрыемства.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Раманчук у сваім прывітальным слове адзначыла, што культурная спадчына Зэльвеншчыны ўнікальная, самабытная і багатая. Яна не толькі даследуецца, вывучаецца, але і захоўваецца, перадаецца нашчадкам:
– Сёння Зэльвенскі раён можа па праву ганарыцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, уключанымі ў спіс аб’ектаў рэспубліканскага значэння. Высокія дасягненні атрымалі ўстановы культуры раёна, якія прымаюць удзел і перамагаюць у многіх конкурсах і фестывалях самых розных узроўняў. Запатрабаваны ў насельніцтва гурткі і аматарскія аб’яднанні, якія дзейнічаюць ва ўстановах культуры раёна.
Творчыя здольнасці нашых землякоў бязмежныя, і яркі прыклад таму – канцэрт, у час якога выступілі як маленькія пачынаючыя зорачкі, так і вядомыя далёка за межамі раёна вакалісты.
Праграма першага дня прадоўжылася мерапрыемствамі, якія прайшлі ва ўсіх аграгарадках. Тут адбылася прэзентацыя новага праекта – канцэртнай эстафеты “Творчыя сустрэчы”. Гучныя апладысменты ўдзячных гледачоў, якія сабраліся на канцэрты, – яскравае пацвярджэнне таго, што творчы праект аказаўся запатрабаваным і, магчыма, дасць пачатак яшчэ адной добрай культурнай традыцыі Зэльвеншчыны.

IMG_0111

IMG_0089
Дзень другі
У панядзелак работнікі раённай і дзіцячай бібліятэк арганізавалі дзень адчыненых дзвярэй.
Наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з фотавыставай “Фарбы Ганненскага кірмашу” і кніжнай панарамай “Мой край – часцінка Беларусі”. Вялікі інтарэс у зэльвенцаў выклікаў раённы фотапраект “Зэльвен-шчына: учора і сёння” (выстава цяпер працуе ў бібліятэцы). Як пацвярджэнне таго, што зэльвенская зямля багата на ўмельцаў і майстроў, – яшчэ адна выстава работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая размясцілася ў фае бібліятэкі. Тут вышыўкі крыжыкам Наталлі Кароль і Евы Артуравай, бісерам – Галіны Пшыгоцкай, цудоўнае абрамленне абразоў Алены Ляонік, карцінная галерэя Васілія Шамрука і Таццяны Радкевіч.
Галоўным мерапрыемствам другога дня Тыдня культуры стала віртуальнае падарожжа па зэльвенскім краі. У ролі экскурсавода выступіла загадчыца ад-дзела бібліятэчнага маркетынгу Вольга Камякевіч. Яна пазнаёміла некалькі груп школьнікаў СШ №2 і ўдзельнікаў клуба “Восень жыцця” са славутасцямі Зэльвеншчыны. Перш-наперш падарожнікі завочна наведалі помнікі архітэктуры – касцёлы ў Міжэрычах, Дзярэчыне, Крамяніцы, Востраве, цэрквы ў Дзешкавічах, Славацічах і Сынкавічах. Наступнымі пунктамі прыпынку сталі помнікі прыроды. Як аказалася, не ўсе з прысутных ведалі, што каля вёскі Чырвонае Сяло расце стогадовы дуб-трайнік, непадалёку ад яго – двухсотгадовы дуб-велікан. А каля вёскі Мадзейкі знаходзіцца камень, даўжыня якога складае амаль 4 метры. Цікаўнасць для геолагаў уяўляюць і валуны каля Галынкі і Падбалоцця.
Вядучая пазнаёміла прысутных і з мясцовымі аграсядзібамі. Цікава правесці час запрашаюць гаспадары “Вераса”, “Сярэбранага ручая”, “Старой Весі”, “Дарагабушкі”. Апошняя, дарэчы, – новы турыстычны аб’ект на карце Зэльвеншчыны. Кожная сядзіба мае свой каларыт і непаўторнасць, прапаноўвае розныя віды адпачынку.
На першым паверсе, у дзіцячай бібліятэцы, было шумна і весела. Маленькіх чытачоў запрасілі да сябе ў госці героі мультыплікацыйных фільмаў. Акрамя таго, хлопчыкі і дзяўчынкі ўспаміналі аўтараў прачытаных на летніх канікулах твораў, расказвалі найбольш цікавыя сюжэты. З задавальненнем малодшыя школьнікі паглядзелі лялечны спектакль “Рукавічка”. Не абышліся мерапрыемствы без сюрпрызаў і падарункаў: за правільныя адказы на пытанні літаратурнай віктарыны вучні атрымалі невялікія памятныя сувеніры.
Людміла ПОПКА.

 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.