Ксёндз Яцэк Маркель: «З павагай і пашанай трэба адносіцца да крыжа»
У першыя дні лістапада каталікі адзначаюць Дзень памяці продкаў.

На працягу тыдня вернікі ўдзяляюць больш часу малітве за памерлых, успамінаюць аб тых, каго ўжо няма побач. Традыцыйна ў гэты перыяд і нават трохі раней наведваюць месцы пахавання родных і блізкіх, прыбіраюць могілкі. Аднак ці то па няведанні адвечных традыцый, ці то па неразуменні некаторых правіл духоўнай культуры, ці то па іншых прычынах з года ў год можна назіраць, як пасля навядзення парадку драўляныя надмагільныя крыжы застаюцца ляжаць на зямлі побач з агароджай, надмагільнымі пагорачкамі, яшчэ горш – трапляюць у вялікую гару са смеццем.

Святары ў сваім разважальным слове да парафіян не раз звяртаюць увагу на тое, што хрысціяне захоўваюць даўнюю традыцыю: пасля пахавання нябожчыка на магіле ставяць драўляны ці металічны крыж. Гэта святы апазнавальны знак канфесіянальнай прыналежнасці нябожчыка. Больш таго – гэта рэлігіёзны аб’ект, благаслаўлёны святаром. Пагэтаму святыня патрабуе да сябе вельмі беражлівых і ўважлівых адносін.
Праз год на месцы пахавання ўстанаўліваюць гранітны ці мармурны помнік. Часцей за ўсё металічны крыж закопваюць. А вось што рабіць з драўляным – не ведаюць. І тады ён трапляе добра як па-за манумент, а то і пад ногі тым, хто праходзіць міма. З гадамі асвечаны крыж зарастае травой і трухнее.
– Да крыжа – сімвала веры – неабходна адносіцца з павагай і шанаваннем, – такое меркаванне выказвае настаяцель касцёла Святой Тройцы г.п. Зэльва ксёндз Яцэк Маркель. – Перад тым, як паставіць помнік, драўляны крыж неабходна пакласці глыбей у зямлю і закапаць. Як варыянт – яго можна спаліць. Толькі так захаваецца яго першапачатковае прызначэннне, яго сакральны сэнс і святое, духоўнае напаўненне. Хрысціянін павінен разумець: да любога асвечанага прадмета нельга адносіцца як да простай, побытавай рэчы, пра якую можна забыць, проста так, не абдумана, адкінуць у бок. Вельмі балюча назіраць на могілках, калі праз час крыж становіцца незаўважальным і яго пераступаюць, абмінаюць, але не паднімаюць…
У час актавы, з 1 па 8 лістапада, вернікі прыносяць на могілкі свечкі і лампадкі, запальваюць іх, моляцца за супакой душаў памерлых родных і блізкіх. Падрыхтаваўшыся духоўна, неабходна помніць і аб міласэрнасці, якую можна праявіць, прыбраўшы суседнюю магілку, на якой ніхто не навёў парадак, да якой ніхто не падышоў. А яшчэ перш тым, як набыць букет з пластыкавых кветак, каб занесці яго на могілкі, варта задумацца аб масавым забруджванні навакольнага свету…
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены