Заслужаны артыст з Міжэрычаў
З заслужаным артыстам Беларусі Баляславам Сяўко я быў добра знаёмы. Мы сябравалі, успаміналі маленства і школьныя гады, сустракаючыся на Зэльвешчыне, якую ён любіў. Нават захавалася ў маім хатнім архіве некалькі лістоў, дзе Баляслаў адказваў на мае пытанні, пісаў пра новыя ролі. А былы рэдактар “Працы”
Ірына Іосіфаўна Васілеўка неяк прызналася, што Баляслаў Іванавіч яе сваяк.

Здольнасці заўважыла загадчыца клуба
Нарадзіўся Баляслаў Сяўко ў 1940 годзе ў вёсцы Міжэрычы. Вучыўся ў мясцовай дзесяцігодцы, а на канікулах, як усе равеснікі, працаваў разам з бацькамі ў калгасе.
З усіх настаўнікаў з найбольшай удзячнасцю ўспамінаў выкладчыка фізкультуры Іосіфа Адамавіча Жыдка, надзвычай шчырага і добразычлівага чалавека. Ён жыў клопатамі і інтарэсамі школьнікаў, усебакова дапамагаў ім загартоўваць не толькі цела, але і волю, вучыў перамагаць нават тады, калі сіл, здавалася б, не засталося. Арганізоўваў лыжныя кросы і маршы, шматлікія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, валейболе і футболе, каб вясковыя хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся змагацца і перамагаць. А калі і прайграваць – то дастойна!
Цёпла пры жыцці распавядаў Баляслаў Іванавіч і пра былую загадчыцу Міжэрыцкага сельскага клуба Сцепаніду Лук’янаўну Трафімовіч. Яна многае зрабіла для развіцця ў пасляваенныя гады мастацкай самадзейнасці ў сельскай мясцовасці. Калі заўважыла здольнасці да мастацкага чытання ў Баляслава, прапанавала юнаку прачытаць на чарговым канцэрце (а былі яны ў клубе частымі і збіралі вялікую аўдыторыю) “Дзялідзьбу” Якуба Коласа. “Быццам прадчула, што праз некаторы час буду працаваць у тэатры, які носіць імя Якуба Коласа”, – казаў, усміхаючыся, Баляслаў Іванавіч…
У Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут вясковы хлопец паступіў адразу. Будучы студэнтам, займаўся ў прафесара, народнага артыста Беларусі Дзмітрыя Арлова. Ён параіў свайму вучню пасля атрымання
дыплома ў 1965 годзе ехаць працаваць у Другі Беларускі тэатр (цяпер гэта Нацыянальны Акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску). Баляслаў Сяўко паслухаў педагога. І склалася так, што артыст усё жыццё працаваў у Віцебску. Іграў разнастайныя ролі ў тэатры і кіно, куды запрашалі. Працаваў да нечаканай смерці.
Пры жыцці Баляслаў Іванавіч разважаў, што прафесія акцёра – самая залежная: “Залежыш ад драматурга, бо чакаеш, каб ён напісаў для цябе добрую п’есу. Чакаеш ад рэжысёра, каб ён убачыў цябе і даў магчымасць сыграць ролю, якая б табе спадабалася”.

Ролі ў тэатры і ў кіно
Працуючы ў тэатры, Баляслаў Сяўко выканаў дзесяткі драматычных і характарных роляў. Вострае адчуванне жанру, выразнасць пазіцыі, драматызм, пластычнасць і экспрэсія, глыбокае пранікненне ў псіхалогію герояў вызначалі многія работы акцёра. Заслужаны поспех прыйшоў пасля выканання роляў Юркі, Валодзькі і сына ў камедыях Андрэя Макаёнка “Таблетку пад язык”, “Трыбунал”, “Зацюканы апостал”. Знакавымі сталі п’есы “Скорыя цягнікі” Алены Паповай (роля Сярожы), “Апошняя інстанцыя” Мікалая Матукоўскага (роля Дзімкі).
Жыццёва праўдзівыя, дакладныя, эмацыянальна насычаныя вобразы стварыў наш зямляк і ў класічнай, і ў сучаснай драматургіі. Гэта – Алёша (“Прыніжаныя і зняволеныя” паводле Ф. Дастаеўскага), Гатыньш (“Ветрык, вей!” Я. Райніса), Сільвія (“Слуга двух гаспадароў” К. Гальдоні), Аўгуст Фіш (“Аз” і “Ферд” П. Фёдарава), Іван Акімавіч (“Вясёлы дзянёк” В. Пакроўскага) і інш.
Баляслаў Сяўко быў вядомы як кінаакцёр. Зняўся ў фільме “Малады дубок” паводле апавядання Якуба Коласа (сыграў ролю Максіма). Гледачы добра памятаюць і шматсерыйны фільм “Дзяржаўная граніца”, дзе артыст сыграў ролю паляка Стапіньскага.
Захапленні
У вольны час Баляслаў Іванавіч спяшаўся ў тэатр пантамімы «Мім» – яшчэ ў 1969 годзе арганізаваў яго для дзяцей. Праўда, за ўвесь час як рэжысёру так і не давялося прайсці стажыроўку, павучыцца гэтаму складанаму жанру, які ўслаўляе пластыку чалавечага цела і душы. Між тым поспехі тэатра былі відавочныя: яму ў1982 годзе прысвоілі званне народнага. У рэпертуары налічвалася больш за 50 пастановак (аўтарства кіраўніка). Сярод іх – “Мы – не рабы”, “Век жыві – век вучыся”, “Рыцар”, “На арэне цырка” і інш. На 12-м і 13-м Міжнародных фестывалях пантамімы ў горадзе Брно (Чэхія) калектыў нашага земляка займаў першыя месцы ў намінацыях сола, дуэт і трыа, ў групавым выступленні з кароткай праграмай.
Аднойчы Баляслаў Іванавіч наведаў у Маскве, на Арбаце, выстаўку народнай творчасці. Там дэманстраваліся вырабы з дрэва, саломкі. Артыст моцна ўразіўся. З таго часу сам пачаў захапляцца рукадзеллем: у яго калекцыі сабралася шмат цікавых і арыгінальных рэчаў з дрэва. У іх – часцінка мастацкага бачання свету, любоў да прыгожага на зямлі, а таксама шчодрасць і дабрыня душы самога акцёра.
Многае можна расказаць пра гэтага таленавітага і цікавага чалавека, які больш за ўсё баяўся быць толькі адной фарбай у тэатры і ў жыцці, бо хацеў застацца разнапланавым і шматколерным. Для гэтага ён умеў назіраць і назапашваць у душы ўбачанае. Упарта працаваў і заўсёды верыў у вялікую сілу мастацтва. А натхненне да працы давалі жонка, урач Святлана Мікалаеўна, і дзве дачкі, Марыя і Вольга.
У лютым 2002 года за заслугі ў развіцці тэатральнага мастацтва і высокае выканаўчае майстэрства заслужаны артыст Беларусі Баляслаў Сяўко быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.
На вялікі жаль, лёс адмераў нашаму земляку толькі 62 гады жыцця.
Сяргей ЧЫГРЫН
Фотаздымкі прадаставіў
Нацыянальны Акадэмічны драмтэатр імя Я. Коласа
Комментарии отключены