Засверкала «Калядная зорка»
Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі традыцыйна выступае ў раёне арганізатарам правядзення шматлікіх творчых конкурсаў, да якіх далучаюцца ўстановы адукацыі раёна. Многія з дзяцей прымаюць удзел у абласных і нават рэспубліканскіх конкурсах, неаднаразова займаюць прызавыя месцы. Вось і напярэдадні навагодніх свят у цэнтры прайшоў раённы адборачны этап XIX выставы-конкурсу “Калядная зорка”.
Школьнікамі былі прадстаўлены амаль пяцьдзясят работ, выкананых у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Дзве з работ – “Нараджэнне Хрыста” і “Калядка” (на здымках) – дзякуючы сваёй арыгінальнасці прынеслі аўтарам дыпломы 1-й ступені і былі накіраваны для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу, дзе вызначаны лепшымі.
“Калядка” ўяўляе сабой ляльку ў выглядзе вясковай жанчыны. Яе ўбранне выканана ў народным стылі – белы фартух з традыцыйнай вышыўкай, у руках – сімвалічныя мяшкі, з якімі звычайна ходзяць шчадраваць калядоўшчыкі. Ідэя стварыць такую ляльку ўзнікла ў вучаніцы Аляксандры Кіцун з Каралінскай СШ, падтрымала яе педагог Часлава Цэйкала. З дапамогай умелых рук і фантазіі сумесна яны рэалізавалі задумку ў жыццё.
Другая работа “Нараджэнне Хрыста” – пераможца конкурсу абласнога ўзроўню – на першы погляд стварае ўражанне распісанай карціны. Аднак, прыгле-дзеўшыся больш пільна, можна заўважыць, што матэрыялам для яе стварэння па-служыла папера. За аснову выхаванцы гуртка “Вясёлка фарбаў”, які працуе ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі (педагог Ірына Лойка), узялі тэхніку вы-цінанкі. Сюжэт перадае падзеі, якія, паводле Бібліі, адбыліся шмат гадоў назад у Віфлееме, – Нараджэнне Хрыста.
Як паказаў конкурс ”Калядная зорка”, традыцыі беларускіх народных рамёстваў працягваюць жыць і развівацца ў новай інтэрпрэтацыі. Абапіраючыся на нацыянальныя звычаі, дзеці прыўносяць творчую індывідуальнасць, выкарыстоўваюць новыя матэрыялы і тэхналогіі, што дазваляе гаварыць аб пераемнасці традыцый і развіцці дэкаратыўна-прыкладнай творчасці.
З конкурснымі работамі можна пазнаёміцца, наведаўшы выставачную залу цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Наталля МАЦЮК.