Кроўная дапамога. Высакародную місію выканалі каля двух дзясяткаў зэльвенцаў на выязным мерапрыемстве ў Зэльвенскай ЦРБ

Звыш 20 чалавек сталі донарамі, прыняўшы ўдзел у чарговым мерапрыемстве, арганізаваным Слонімскім філіялам Гродзенскага абласнога цэнтра трансфузіялогіі на базе цэнтральнай раённай бальніцы.

– Донарская кроў патрэбна ў любую пару года і ў розных сітуацыях. На нашу службу ўскладзены клопат пра тое, каб адны людзі здавалі кроў, а іншыя атрымалі яе пры першай патрэбе, – падзялілася ўрач-трансфузіёлаг Святлана Жыгала. – Згодна з графікам на Зэльвеншчыну выязджаем не менш 3-4 разоў за год. Разам з пастаяннымі донарамі на пункт прыходзяць таксама новыя людзі, якім надаем павышаную ўвагу і сочым, каб іх арганізм адэкватна перанёс працэдуру.

Непасрэдная задача службы – стварыць неабходны запас усіх груп крыві, плазмы, забяспечыць захоўванне кампанентаў крыві пры аптымальнай тэмпературы і па запыце перадаць у іншыя падраздзяленні.

У чарговы раз трансфузіёлагі мелі справу пераважна са здаровымі людзьмі, большая частка якіх – зэльвенскія медыкі. Усе донары, незалежна ад роду заняткаў, узросту і полу, – нераўнадушныя грамадзяне, здольныя на сапраўдны ўчынак. Даведалася, што падштурхнула ўдзельнікаў акцыі быць гатовымі дапамагчы абсалютна незнаёмым людзям.

Святлана Урбановіч здае кроў з часоў пандэміі. Калі бальніца прымала пацыентаў з Covid-19, не ў яе адной тады ўзнікла падобнае жаданне. Тым больш што намеры самыя гуманныя – дзеля здароўя бліжняга задзейнічаць усе рэзервы. Згадзіцеся, любому важна ведаць, што без падтрымкі ён не застанецца.

Ганна Юшкевіч прыйшла на пункт у трэці раз. Па яе словах, хочацца і ўласны арганізм крыху асвяжыць, і, людзям дапамагчы, калі трэба. Жанчына адзначыла, што ні сямейнаму жыццю, ні працы донарская місія ніяк не перашкаджае. І нямала значыць тое, што родныя яе рашэнне цалкам адабраюць.

Тэмай донарства Аляксей Цішко зацікавіўся ў перыяд навучання ў медыцынскім універсітэце. Як ўрач, добра разумее, што не патрэбна чакаць моманту, калі ўзнікне дэфіцыт крыві. Звыш таго – цяпер такая складаная працэдура, як пераліванне, дастаткова бяспечная. Аляксей Вячаслававіч у Зэльве кроў здае ўпершыню, нягледзячы на тое, што паўтара года назад прычыніўся да ганаровай ініцыятывы і лічыць яе абавязкам любога чалавека.

Паводле аповедаў іншых удзельнікаў акцыі, донарства – гэта яшчэ і магчымасць рэгулярна кантраляваць стан уласнага арганізма: аналізы крыві для донараў бясплатныя. І абсалютна ўсе ўпэўнены, што дзякуючы праведзенай працэдуры аказваюць адтэрмінаваную, але бясцэнную дапамогу людзям, ратуючы разам з урачамі самае дарагое – жыццё.

Кампетэнтны каментарый

Урач Слонімскага філіяла абласнога цэнтра трансфузіялогіі Святлана Юліянаўна Жыгала:
Імкнёмся вытрымліваць не менш, чым два месяцы, каб донары з вопытам змаглі зноў здаць кроў. Да нас прыходзяць і першасныя донары, чым мы, безумоўна, вельмі задаволены. Добраахвотнікам тлумачым: кроў здаваць трэба ўвесь час. Толькі тады зможам забяспечыць напаўняльнасць рэзервовага банка, гарантаваць якасць матэрыялу. У першую чаргу патэнцыяльныя донары падаюць выпіскі з медыцынскіх дакументаў адносна нюансаў здароўя, стану падчас папярэдніх маніпуляцый і праходзяць пільны агляд.
Забяспечваем медарганізацыі кампанентамі і прэпаратамі донарскай крыві. Працуючы па заяўках экспедыцый, выклікаем людзей з рэдкай групай і рэзусам. Сабраныя матэрыялы адпраўляем у абласны цэнтр на праверку ў лабараторных умовах і пасля абеду наступнага дня знаёмімся з яе вынікамі. На выпадак надзвычайнай сітуацыі па кожнай групе створаны рэзерв крыві, якая ў залежнасці ад кансерванта захоўваецца на працягу 36-42 сутак.
Хачу звярнуць увагу зэльвенцаў на значныя перавагі донарства. У практыцы назіраю цэлыя сямейныя дынастыі: услед за роднымі іх дзеці і нават унукі прысвячаюць сябе надзвычай гуманнай справе. Навукай пацверджана, што пры страце ўласнай крыві арганізм тых, хто рэгулярна займаецца данацыяй – работнікаў МНС, ваенных, хутка аднаўляецца. Грашовыя сродкі, якія выдаткоўваюцца для гэтага кожнаму донару, і гарантаваны ў дзень данацыі выхадны – гэта таксама важна. Як і разуменне таго, што 475 мілілітраў крыві для кагосьці стануць выратавальнымі.

Любоў ШЭЙКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены