Зэльва. Мілы сэрцу куточак… Сустрэча з паэтамі-землякамі ў рамках святкавання юбілею райцэнтра сабрала прыхільнікаў паэзіі

Я на Зэльвеншчыне нарадзілася,

З гэтым краем навек параднілася,

Набылася я тут, нахадзілася,

І гасцінцамі нагасцілася…

Мая Зэльвеншчына,

Мая Зэльвеншчына…

Пахнуць травы твае мне здалёку,

Гарызонты твае вабяць вока,

Дыхаць лёгка табой і глыбока…

Гэтыя радкі, глыбока прасякнутыя любоўю да зэльвенскага краю, аб’ядналі творчых асоб, якія не толькі адсюль родам, але жывуць, працуюць на карысць роднай зямлі. І больш таго – праз свае паэтычныя радкі праслаўляюць яе.

А сёння бібліятэкары арганізавалі сапраўднае свята паэзіі. Аматары слова сустрэліся з таленавітымі літаратарамі і з іх вуснаў пачулі мілагучныя вершы. На сустрэчу запрасілі Алену Карозу, Ірыну Войтка, Яніну Шматко, Таццяну Мананнікаву, Святлану Літвінчык, Вольгу Ляскевіч, Людмілу Шышко.

Удзельнікі паэтычнай гасцёўні “Шчырыя словы на прыгожым свеце” атрымалі сапраўдную асалоду ад непаўторных ціхіх і прасякнутых сардэчнай любоўю да Бацькаўшчыны радкоў.

Гучалі вершы ў выкананні аўтараў і бібліятэкараў. Дзейнічалі кніжная і фотавыставы. І ўсё гэта яшчэ раз падкрэслівала, колькі ў нашай Зэльве прывабных, утульных куточкаў, дзе можна так проста, на свежым паветры, у цяньку, убачыцца з сябрамі-літаратарамі, даведацца аб іх поспехах і проста пачытаць вершы.

Больш падрабязна аб сустрэчы чытайце на старонках газеты “Праца” ў бліжэйшым нумары.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены