На XVIII Рэспубліканскай універсальнай выставе-кірмашы “Еўрарэгіён “Неман-2016” Зэльвенскі раён удала прэзентаваў сваю прадукцыю і турыстычны патэнцыял

8969У Год культуры гучна заявілі пра сябе зэльвенскія артысты і рамеснікі. Народны ансамбль “Званочкі” парадаваў удзельнікаў эканамічнага форуму музычнымі творамі, цудоўнымі вырабамі ўражвалі майстры раённага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры: рэчы з гліны, саматканыя палотны, арыгінальныя сувеніры… Не менш цікавай была выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Папулярнасцю карысталіся і майстар-класы, якія давалі зэльвенскія ўмельцы. Госці падворка маглі даведацца і пра магчымасці ўстаноў дадатковай адукацыі Зэльвеншчыны. Тут жа наведвальнікі спрабавалі “Зэльвенскія прысмакі” – прадукцыю Зэльвенскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Мясныя і хлебныя вырабы прыйшліся даспадобы вельмі многім. Акрамя таго госці маглі пазнаёміцца з каталогам тавараў РУП бытавога абслугоўвання. На працягу двух дзён працаваў кірмаш турыстычных паслуг. Зэльвенцы годна прадставілі свой патэнцыял у гэтым накірунку. “Вандруючы” па шматлікіх стэндах, падрыхтаваных раённым цэнтрам турызму і края-знаўства дзяцей і моладзі, можна было пазнаёміцца з турыстычнымі брэндамі Зэльвеншчыны. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікалі Ганненскі кірмаш і Сынкавіцкая царква. Актыўна рэкламаваліся аграсядзібы раёна. Лістоўкі і буклеты з інфармацыяй аб распрацаваных турыстычных маршрутах і зялёных сцяжынах “размяталіся” на “ўра”. Сёлета прадстаўнікам нашага раёна ўдалося прыняць удзел у секцыях Міжнароднага інвестыцыйнага форуму “Гродзеншчына на скрыжаванні межаў”. Члены дэлегацыі разгледзелі турызм як канкурэнтную перавагу Гродзенскага рэгіёну, праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва як інструмент сумеснай рэгіянальнай палітыкі і прыцягнення інвестыцый. Такім чынам, выстава даказала свой статус універсальнай: на ёй можна было знайсці ўсё, што душа пажадае. Відавочна, што такія мерапрыемствы садзейнічаюць умацаванню не толькі дзелавых, але і культурных сувязей. Алеся ШУМОВІЧ.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.