Зэльвенцы наведалі Нацыянальны акадэмічны  Вялікі  тэатр оперы і балета

Тэатр – гэта мастацтва сцэны, якое дае ўрокі прыгажосці і маральнасці.   І чым яны багацейшыя, тым больш паспяхова ідзе развіццё духоўнага свету чалавека. Гэта добра разумее настаяцель Свята-Міхайлаўскай царквы вёскі Сынковічы пратаіерэй Арсеній Ананка. Таму і арганізоўвае для сваіх прыхажан такія “вылазкі” ў свет чароўнай духоўнасці амаль штогод.

Вось і сёлета, на пачатку лістапада, мы ў чарговы раз наведалі Нацыянальны акадэмічны  Вялікі  тэатр оперы і балета (дарэчы, адзіны ў Беларусі), дзе змаглі паглядзець класічную версію танцавальнай аперэты Іагана Штрауса “Лятучая мыш”. 

Усе, каму пашчасціла быць у гэты вечар у тэатральнай зале, пранікліся  яркімі эмоцыямі ад прадстаўленых сцэн кахання. Адбылося гэта пад такія ўрачыстыя матывы вальса і полькі, што настрой ніколькі не сапсаваўся нават і ад сямейных праблем, закранутых у творы. Цудоўныя ўражанні ад самога тэатра і ігры акцёраў пагрузілі ў радасную святочную атмасферу, выклікалі зарад энергіі. Яркі свет сафітаў, пераклікаючыся з мяккім зацямненнем, – таямнічасць і рамантыку.

Наведванне спектакляў увогуле садзейнічае маральнаму і духоўнаму выхаванню асобы (колькі б гадоў гэтай асобе ні было), а таксама  выпрацоўвае ўменне суперажываць і любіць. Сіла тэатральнага мастацтва настолькі вялікая, што застаўляе ў чарговы раз паглядзець на сябе і свае асабістыя недахопы збоку, і, магчыма, паспрабаваць штосьці выправіць. Яшчэ такія паездкі дазваляюць абстрагавацца ад аднастайнасці шэрых будняў.

Вясковыя жыхары не часта маюць магчымасць наведваць тэатры. Таму лістападаўскі падарунак айца Арсенія вельмі ўзрушыў усіх, хто пабываў у сталіцы. А гэта настаўнікі і выхавальнікі дашкольнай установы, работнікі культуры і аддзялення сувязі, прадстаўнікі сельвыканкама і амбулаторыі, удзельнікі царкоўнага хору.

Айцец Сергій Шумец і матушка Ксенія ўзначалілі групу менавіта па благаслаўленні настаяцеля храма, якому мы, прыхажане, шчыра ўдзячны за імкненне і ўменне ажывіць, упрыгожыць жыццё  прыхода і сельскага жыхара. Паважаны айцец Арсеній, дай Бог вам здароўя і сіл, моцы і натхнення на новыя і новыя справы!

Святлана Літвінчык

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены