Зельвенка Людміла Галаско прайшла нямецка-беларускую «Музейную акадэмію»
Наша зямлячка Людміла Галаско вытрымала адборачны конкурс з 65 жадаючых і стала адным з 15 удзельнікаў новай адукацыйнай праграмы “Музейная акадэмія” пад эгідай Гёте-Інстытута.

Людміла Міхайлаўна працуе настаўніцай нямецкай мовы ў мясцовай санаторнай школе-інтэрнаце. Ва ўстанове ствараюць школьны музей “Назад у СССР”. Таму педагог зацікавілася названай праграмай. У межах “Музейнай акадэміі” з красавіка ў абласных гарадах Беларусі праходзілі трэнінгі і практычныя семінары з удзелам беларускіх і нямецкіх экспертаў (у тым ліку рэферэнтаў з Германіі Штэфена Шумана і Каралін Саўчук). Тэмы былі рознымі: гісторыя і культура памяці, праектаванне і дызайн экспазіцый і выстаў, музейная камунікацыя, паняцце музейнай педагогікі. Заключны рэгіянальны сімпозіум ў канцы лістапада пройдзе ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура (г. Мінск).
– Каб музеі пашырылі аўдыторыю і сталі адкрытай платформай для сацыяльнага дыялогу, іх супрацоўнікі павінны быць кампетэнтнымі ў канцэптаванні і рэалізацыі выстаў, маркетынгу, сувязях з грамадскасцю. Такі ўзровень прафесіяналізму не магчымы без пастаяннага вывучэння чагосьці новага і пашырэння кругагляду. Таму для мяне мэты праекта аказаліся актуальнымі, – расказала Людміла Галаско. – У яго рамках сустрэліся спецыялісты, частка з якіх раней увогуле не мела стасункаў паміж сабой. Абмяняцца досведам з замежнымі калегамі – добрая справа для супрацоўнікаў музеяў, асацыяцый, навучальных устаноў і органаў улады Беларусі і Германіі. Нашы дыскусіі аб агульнаеўрапейскім супрацоўніцтве сталі штуршком да стварэння ў доўгатэрміновай перспектыве адкрытай міжгаліновай сеткі партнёраў.

Спікеры праекта пазнаёмілі з апошнімі тэндэнцыямі сферы. Людмілу Міхайлаўну асабіста зацікавілі асаблівасці працы ўдалечыні ад сталіцы і сувязь музеяў і школ. На сустрэчах гутарылі пра адукацыйны патэнцыял музеяў. Эксперты расказалі, як арганізаваць школьны музей, суаднесці экспазіцыі з адукацыйнай праграмай.
Нядаўна для ўдзельнікаў “Музейнай акадэміі” была арганізавана паездка ў Германію. Беларусы наведалі шэраг музеяў, іх выбар быў прадыктаваны тэматыкай “Культура памяці”.
– Мы бачылі не толькі найбольш знакамітыя музеі, але і (не менш цікавыя) невялікія. У Берліне пабывалі ў Форуме Гумбальдтаў, названага ў гонар вядомых нямецкіх вучоных-братоў. Адкрыццё гэтага не столькі музея, колькі цэнтра актыўнай дзейнасці плануецца на 2020 год. Тут будуць праходзіць часовыя выставы, канферэнцыі, музычныя імпрэзы, навукова-адукацыйныя мерапрыемствы, ствараючы сувязь паміж гістарычнай спадчынай і праблемамі сучаснасці і будучыні.
Моцна ўразіла беларусаў Саксонія і яе сталіца. У Дрэздэнскім замку, адным са старэйшых будынкаў горада, былой рэзідэнцыі саксонскіх каралей, у цяперашні час прадстаўлены некалькі музеяў: “Зялёныя скляпенні”, “Нумізматычны кабінет”, “Гравюрны кабінет”. Таксама тут праводзяцца тэматычныя выставы твораў сучасных і старых майстроў. Для ўдзельнікаў арганізавалі экскурсію ў “святая святых” Еўрапейскага цэнтра мастацтваў Дрэздэна Hellerau – майстэрню рэстаўрацыйных работ дзяржаўнай калекцыі мастацтваў.

Пасля наведалі адзіны музей у Германіі, прысвечаны здароўю чалавека, будове цела, гісторыі навуковых медыцынскіх даследаванняў – Музей гігіены. Сем тэматычных экспазіцый (“Органы пачуццяў”, “Жыццё ад нараджэння да смерці”, “Рух”, “Работа мозга”, “Сэксуальнасць”, “Прыгажосць”, “Харчаванне”) з інтэрактыўнымі экспанатамі зацікавяць і дарослых, і дзяцей. Супрацоўнікі ўзаемадзейнічаюць з установамі адукацыі, прапануюць багаты матэрыял для дапаўнення школьнай праграмы. А ўваход дзецям да 16 год бясплатны.
У невялікім доме-музеі знакамітага польскага пісьменніка Юзэфа Крашэўскага расказалі гісторыю яго жыцця і прадэманстравалі кнігі аўтара, прадметы быту і інтэр’еру. У Дрэздэне пісьменнік ратаваўся ад арышту ў роднай Варшаве. Цікава, што карані Крашэўскага – з суседняга нам Пружанскага раёна, таму дырэктар “Пружанскага палацка” (як удзельнік) прывёз у падарунак музею некаторыя экспанаты.
Незабыўныя ўспаміны пакінуў Ваенна-гістарычны музей узброеных сіл Германіі – адзін з двух буйнейшых профільных музеяў краіны. Яго архітэктурны ансамбль складаецца з двух элементаў: прыбудоўка ў форме кліна (зроблена амерыканскім архітэктарам Даніэлем Лібэскіндам у 2011 годзе) быццам урэзваецца ў фасад старога арсенала (1877 года). А гульня святла і цяней канструкцыі сімвалізуе кантрасты ваеннай гісторыі Германіі. Экспазіцыя музея тэматызуе насілле як гістарычны, культурны і антрапалагічны фенамен. Яна вымушае задумацца аб уласным патэнцыяле агрэсіі, прыняць рознабаковую інтэрпрэтацыю падзей.

Цяжкія пачуцці выклікае Мемарыяльны турэмны комплекс Баутцэн. Нацысты выкарыстоўвалі будынак для ўтрымання палітзняволеных і асабліва важных ваеннапалонных. З людзьмі абыходзіліся сурова. Чэшскі пісьменнік і журналіст Юліус Фучык, аўтар вядомай кнігі “Рэпартаж з пятлёй на шыі”, знаходзіўся ў Баутцэне пад следствам. Пазней у турме службы дзяржбяспекі ГДР (Штазі) утрымлівалі шпіёнаў, крытыкаў рэжыму і тых, хто дапамагаў грамадзянам ГДР збегчы з краіны.
– Для нас была арганізавана сустрэча з былым зняволеным турмы Баутцэна, які правёў у ёй 5 год за арганізацыю пераходу каля 120 чалавек праз Вялікую Берлінскую сцяну, – паведаміла Людміла Міхайлаўна.

Наведалі ўдзельнікі таксама краязнаўчы Музей лужаскіх сербаў, які ўтрымлівае каля 23 тысяч экзэмпляраў па гісторыі гэтага народа ад старажытных часоў да сучаснасці, іх культуры і вобразе жыцця, літаратуры і мастацтву. Адметна тое, што, знаходзячыся на тэрыторыі Германіі, лужычане не страцілі свае нацыянальныя рысы, традыцыі і звычаі і працягваюць іх зберагаць (у 4 школах Саксоніі дзеці навучаюцца на сербскай мове).
– У апошні дзень знаходжання ў Дрэздэне мы наведалі Паўночныя могілкі (былыя ваенныя, а зараз грамадскія). Тут на 4 гектарах пахаваны нямецкія жаўнеры Вермахта, савецкія салдаты, сербскія, расійскія, французскія і чэшскія ваеннапалонныя. У 2010 годзе федэральныя ўлады Германіі ўключылі паўночны сектар могілак, дзе знаходзяцца пахаванні савецкіх салдат, у рэестр помнікаў культуры. Супрацоўнікі мемарыялу вядуць актыўную даследчую працу па гісторыі пахаванняў, супрацоўнічаюць з установамі адукацыі, арганізуюць сумесныя ініцыятывы.

Галоўным вынікам удзелу ў праекце для Людмілы Галаско стала тое, што яна знайшла новыя накірункі і падыходы ў працы школьных музеяў.
– Перад работнікамі ўстаноў культуры і адукацыі сёння стаіць агульная задача – выхаванне свядомай моладзі, неабыякавай да нацыянальнай спадчыны. Таму партнёрства школ і музеяў жыццёва неабходна. У санаторнай школе зараз ідзе работа над праектам стварэння музея з рабочай назвай “Назад у СССР”, а таксама арганізуюцца ў адзіную сістэму адзінкавыя выставачныя экспазіцыі, якія мае школа. Распрацоўваецца праект узаемадзеяння школьнай праграмы і музея, у аснове якога ляжаць прынцыпы музейнай педагогікі, падрабязна разгледжаныя на платформе ў “Музейнай акадэміі”.
Служба інфармацыі газеты «Праца»
Комментарии отключены