Зэльвенская гімназістка Анастасія Субаткоўская з тэставымі заданнямі справілася за паўгадзіны
11 чэрвеня абітурыенты праверылі свае веды па беларускай мове. Цэнтралізаванае тэсціраванне па гэтым прадмеце прайшлі больш чым 50 зэльвенцаў. Мы пацікавіліся ў некаторых, як прайшоў першы іспыт.

Павел Латушка, выпускнік Князеўскай СШ:
– Пытанне якую з дзвюх моў выбраць для здачы на тэсціраванні для мяне не стаяла. На роднай мове гаварыў з дзяцінства, да таго ж закончыў беларускамоўную школу. Калі нас размяркоўвалі па вучэбных кабінетах, крыху хваляваўся. Але калі прачытаў заданні, на сэрцы палягчала – зразумеў, маіх ведаў хопіць, каб адказаць на пытанні. Таму і з эмоцыямі справіўся. Аб выніках гаварыць пакуль наперад не буду. Скажу адно: каб быць упэўненым ў сваіх ведах, неабходна многа займацца. Зараз мне трэба сканцэнтравацца на падрыхтоўцы да ЦТ па грамадазнаўстве.

Анастасія ПЛАЎСКАЯ, выпускніца СШ №2 г.п.Зэльва:
– Да тэсціравання рыхтавалася сур’ёзна. Шмат часу займалася самастойна па падручніках, пастаянна практыкавалася на мінулагодніх тэстах, прайшла рэпетыцыйнае тэсціраванне. У мяне быў чацвёрты варыянт. Не складаны. Спадзяюся на добры вынік. Наступны іспыт – матэматыка, для гэтага прадмета галоўнае – дакладнасць.

Анастасія СУБАТКОЎСКАЯ, выпускніца гімназіі №1 г.п. Зэльва:
– ЦТ па беларускай мове праходзіла ў педагагічным каледжы Ваўкавыска. Прызнаюся шчыра, вельмі хвалявалася, бо ад выніка першага тэста залежыць далейшы выбар навучальнай установы. Праўда з заданнямі справілася хвілін за 30-40. Астатні час выкарыстала, каб яшчэ раз пераправерыць адказы. Крыху цяжэй было з граматыкай і фразеалагізмамі, чым з пунктуацыяй. На рэпетыцыйным тэсціраванні паказала добрыя вынікі. Спадзяюся, што і на ЦТ набяру не меньшыя балы.
Запісала Людміла ПОПКА
Комментарии отключены