Зэльвенская моладзь атрымала пашпарты ў Дзень Канстытуцыі
У Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь цэнтр культуры і народнай творчасці сабраў гасцей на ўрачыстае мерапрыемства, у рамках якога пад эгідай райкама БРСМ прайшла акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі”. У святочнай атмасферы ўручылі пашпарты дваццаці школьнікам, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Падтрымаць іх у такі важны дзень прыйшлі прадстаўнікі мясцовай улады, бацькі, настаўнікі і аднакласнікі.

Памочнік пракурора Зэльвенскага раёна Іна Пясняк слушна адзначыла, што менавіта з гэтага дня падлеткі маюць права лічыць сябе дарослымі людзьмі, якім многае пад сілу: Асноўны Закон дзяржавы гарантуе ім паўнапраўныя правы і свабоды, неабходныя для ўсебаковага развіцця асобы. Галоўны ў жыцці кожнага дакумент юнакам і дзяўчатам уручыў старшыня райвыканкама Дзяніс Альшэўскі разам з вядучым спецыялістам групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Ліліяй Савосік.



Неад’емнымі атрыбутамі свята сталі і атрыманне моладдзю маляўнічага выдання “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, яркіх памятных стужак колераў дзяржаўнага сцяга. І, несумненна, святочны канцэрт ад мясцовых артыстаў у лепшых традыцыях патрыятычнай песеннай творчасці краіны.


Алена ГАРБАЦЭВІЧ
Комментарии отключены