Зельвенские пилигримы посетили польские святыни
Што вядзе людзей да святых месцаў? Безумоўна,вера. Нездарма ж гавораць, што па веры і збавенне даецца. І пакуль у чалавека ёсць вера ў Бога, вера ў свае сілы і проста вера ў цуд – ён жыве.
На мінулых выхадных у пілігрымку па гарадах Польшчы адправіліся прыхаджане касцёла Святой Тройцы г. п. Зэльва.
Падчас падарожжа парафіяне прынялі ўдзел у богаслужэнні ў храме горада Вілямавіцэ, радзіме ксяндза Яцка. Урачыстасць была прымеркавана да ўзвядзення і асвячэння помніка архіепіскапу Юзэфу Більчэўскаму, які таксама родам з гэтага населенага пункта. Настаяцель мясцовага касцёла Міхал Богута расказаў прысутным пра жыццё святога, яго дзейнасць па рэлігійным выхаванні моладзі, цудах вылячэння людзей ад цяжкіх хвароб. Зэльвенцы скарысталіся магчымасцю памаліцца ў капліцы архіепіскапа, дзе захоўваюцца яго мошчы.
Адным з найбольш вядомых цэнтраў паломніцтва з’яўляецца польскі горад Чанстахова. Каб пакланіцца цудадзейнай іконе Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якая знаходзіцца ў Яснагорскім манастыры, сюды прыязджаюць тысячы каталіцкіх і праваслаўных вернікаў. У манастыры захоўваюцца і шматлікія творы мастацтва, значная частка якіх прынесена ў знак удзячнасці Божай Маці за спаўненне малітваў.
Не меншай увагі заслугоўвае і архітэктурна-паркавы комплекс у горадзе Кальварыя Зэбжыдовска, уключаны ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Будынак узведзены ў XVII стагоддзі па аналогіі з іерусалімскай Галгофай. Пілігрымы прайшліся па прылягаючай тэрыторыі, на якой размешчаны 14 прыпынкаў Крыжовага шляху Іісуса Хрыста.
У час наведвання святыняў, у атмасферы зносінаў са святаром і паміж сабой вернікі шукалі і знаходзілі адказы на самыя складаныя духоўныя пытанні. У гэтым і ёсць галоўная мэта паломніцтва.
Наталля МАЦЮК.