Зэльвенскія дзеці прынялі Першую святую Камунію
У апошнюю нядзелю мая каталіцкія вернікі святкуюць урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Зэльвенскія парафіяне ў гэты дзень адчуваюць двайную радасць. Па-першае, мясцовыя хрысціяне знаходзяцца пад заступніцтвам Найсвяцейшай Тройцы, і ў гонар яе названа святыня. Другая важная нагода – па існуючай традыцыі менавіта на гэта вялікае свята хлопчыкі і дзяўчынкі прыступаюць да Першай святой Камуніі. Гэты год не стаў выключэннем.

З самага ранку на прыкасцельнай тэрыторыі было мнагалюдна. Сярод парафіян рознага ўзросту выдзяляліся падлеткі ў беласнежных сукенках і альбах. Яны маліліся перад фігуркамі Пана Езуса і Панны Марыі, слухалі апошнія наказы бацькоў. І вельмі хваляваліся: праз некалькі хвілін яны будуць перажываць асаблівы момант у сваім жыцці – прызнаюцца ў веры і прымуць Цела Хрыста.
Перад пачаткам святочнай імшы юных вернікаў сардэчна прывітаў ксёндз Яцэк Маркель. Прапанаваўшы бацькам і родным благаславіць сваіх дзяцей, святар акрапіў малечу святой вадой. Затым запрасіў іх першымі зайсці ў касцёл. Вернікі віталі новае пакаленне каталікоў прыгожымі спевамі.
На працягу літургіі першакамунійныя зэльвенцы былі ў цэнтры ўвагі. Яны – галоўныя героі падчас чытання ўрыўкаў з Евангелля, спеваў псалмаў, паднашэння дароў. Асабліва хвалюючымі момантамі былі звароты дзяцей да парафіян, бацькоў, святара з просьбамі маліцца за іх жыццё, якое з гэтых хвілін будзе разам з Богам.
Урачыста гучалі абяцанні вывучаць Божае Слова, наведваць святыню, каб прымаць удзел у набажэнствах, заставацца пад апекай Пана Бога.
Выказаўшы жаданне прыняць сакрамант Эўхарыстыі, падлеткі атрымалі з рук святара Цела Пана – Першую Камунію.
–З сённяшняга дня вы знайшлі месца ў сваім сэрцы для Пана Езуса, – сказаў маленькім парафіянам ксёндз Яцэк. – Сваімі паводзінамі, добрымі ўчынкамі і надалей вы павінны паказваць прыклад годных хрысціян. Хлеб, якім вы падзеліцеся са сваімі роднымі за святочным сталом, сімвалізуе Бога, які ёсць дабро. Дарыце дабро сваіх сэрцаў людзям.


Напрыканцы імшы бацькі звярнуліся да святара Яцэка Маркеля і настаўніцы заняткаў па катэхезісу Таццяны Карозы са словамі ўдзячнасці за належную духоўную падрыхтоўку дзяцей да Першай Камуніі.
Завяршылася святочная ўрачыстасць спевам гімну “Цябе, Божа, праслаўляем!”. Бягучы тыдзень для першакамунійных дзяцей мае назву Белы тыдзень. У белым убранні яны будуць наведваць касцёл, што сведчыць аб вялікай падзеі ў іх жыцці.


–На першым месцы ў нашай сям’і – вера ў Бога, жыццё разам з Панам, – дзеляцца Наталля і Уладзімір Разумоўскія. – Сёння разам з роднымі перажываем вялікую радасць – наш сын Арцемій прыняў Езуса, гэта значыць, пасябраваў з Богам і стаў на дарогу веры. Дзякуем усёй парафіі, якая сёння малілася, каб жыць ласкай тых сакрамантаў, якія з’яўляюцца глыбінёй духоўнага жыцця.
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены