Зэльвенскія каталікі адзначаюць вялікую ўрачыстасць – Спасланне Духа Святога (Сёмуху)
На пяцідзесяты дзень пасля Вялікадня каталіцкія хрысціяне ўзгадваюць падзеі, якія апісваюцца ў Евангеллі. Пасля Ўнебаўшэсця Пана святыя апосталы, праводзячы час у малітве, чакалі спаслання Святога Духа. І вось на канец дня Пяцідзесятніцы Ён сыходзіць на сабраных апосталаў, Марыю і жанчын. Тым самым услаўляе сутнасць Святой Адзінай Тройцы – Айца, Сына і Духа Святога.

Урачыстасць лічыцца адной з самых значных для веруючых людзей. Гэта дзень нараджэння Касцёла, містычнага Цела Хрыста. Іншымі словамі, Дух Святы – гэта душа Касцёла. На пачатку імшы парафіяне прыгожа заспявалі гімн у гонар Духа Святога. Затым гучалі ўрыўкі з Евангелля, спевы.
Разважаючы над Словам Божым, ксёндз Яцэк Маркель адзначыў, што Дух Святы дзейнічае ў святыні незалежна ад нашых жаданняў і магчымасцей, іншых абставін. Ён ідзе да тых, хто адкрывае Яму дзверы сваіх сэрцаў, хто верыць у Яго, хто хоча захаваць навуку Хрыста:
– Сапраўдная набожнасць немагчыма без веры ў Бога. Мы павінны ўшаноўваць як усю Святую Тройцу, так і кожную Яе Асобу. Хочацца пажадаць, каб хрысціяне заставаліся ўважлівымі да дароў Божага Духа. Нават у такі няпросты час эпідэміі вернікі маюць магчымасць праз Інтэрнэт заставацца разам з Касцёлам, далучацца да супольнай малітвы і духоўна ўзбагачацца.
– Давайце папросім у Пана Бога, Святой Тройцы, каб у нашым дамах, парафіі ўмацоўвалася прызнанне веры, каб праз Божую ласку мы атрымлівалі сілу і ажыццяўлялі заклік да святасці. Няхай у людскія сэрцы пранікае жывое слова Святога Пісання, а ўсе жыццёвыя падзеі ўспрымаюцца як праўяўленне Божай дзейнасці, – пажадаў пробашч.

– Свята Спаслання Духа Святога заўсёды прыпадае на самы прыгожы час года – вясенні росквіт дрэў і кветак, – падзяліліся ўражаннямі парафіянкі Уладзіслава Пярскевіч і Ірына Грыцко. – Напэўна, па гэтай прычыне ў народзе ўрачыстасць называюць Зялёнымі святкамі. Зараз кветкамі і галінкамі бярозы ўпрыгожваюць храм. Раней існавала такая традыцыя: загаддзя жыхары дамоў прыбіралі надворкі, галінкамі з дрэў аздаблялі вароты, жыллё, закладвалі за абразы. Гэта сімвалізавала прыгожую сустрэчу Духа Святога, адкрыццё нашых дамоў і сэрцаў для Яго прысутнасці.
Праз два тыдні (6 чэрвеня) парафіяне будуць святкаваць урачыстасць Божага Цела. У час працэсіі хрысціяне складуць падзяку Збаўцу за дар Найсвяцейшага Сакраманту.
Людміла ПОПКА
Комментарии отключены