Зэльвенскія вернікі святкуюць Вербніцу
Ад пачатку Вялікага посту і да гэтага дня каталікі рыхтаваліся да святкавання пасхальнай таямніцы – урачыстага ўваходу Езуса Хрыста ў Іерусалім напярэдадні сваіх пакут. У вербны дзень хрысціяне сабраліся ў касцёле Святой Троіцы г.п. Зэльва, каб разам асвяціць галінкі вербаў, як бы сустракаючы Пана.
Дарослыя і дзеці прыйшлі ў храм з упрыгожанымі вербачкамі – сімвалам свята. Падчас імшы разам са святаром узгадалі знакавую евангельскую падзею, калі Ісус за тыдзень да Вялікадня ўрачыста ўехаў у Іерусалім, і яго з радасцю віталі словамі “Гасанна ў вышынях! Благаславёны той, хто прыходзіць у імя Пана!”. У Хрысце, які да таго праславіўся ўваскрашэннем мёртвых і накарміў пяццю хлябамі пяць тысяч чалавек, людзі бачылі Месію, Збаўцу.Таму і віталі яго, як цара.
Пад агульны спеў песень ксёндз Яцэк Маркель акрапіў святой вадой галінкі. А далей нагадаў, што прыбліжаецца Страсны тыдзень, калі на Сына Божага выпадаюць выпрабаванні і пакуты. Тыя ж людзі, якія яго радасна віталі, хутка ад яго адракуцца, асудзяць, зганьбяць і пакараюць на крыжы.
Таксама святар звярнуўся да вернікаў, асабліва пажылых, моладзі і дзяцей, з просьбай па магчымасці менш наведваць храм, заставацца дома і за трансляцыяй святой імшы назіраць па тэлевізары ці слухаць па радыё. А таксама захоўваць санітарна-прафілактычныя меры.
–У Вербную нядзелю хрысціяне прытрымліваюцца традыцыі: асвечанымі вербачкамі злёгку пабіваюць знаёмых і родных, асабліва тых, хто застаўся дома і не ўдзельнічаў у службе, кажучы такія словы: “Не я б’ю – вярба б’е. За тыдзень Вялікдзень”, – гаворыць Крысціна Пазднякова. – Асвечаныя ў касцёле галінкі вярбы прынята захоўваць на працягу года.
Людміла ПОПКА
Комментарии отключены