Зерно нового урожая. Есть первая тысяча!
Філіял “Князева” першым у раёне прыступіў да жніва зерневых і зернебабовых культур, якія неабходна ўбраць на плошчы 3015 га, 630 га займае азімы рапс. У работу ўключыліся амаль усе збожжаўборачныя камбайны. На сушцы азімых ячменю і рапсу правераны чатыры збожжасушыльныя комплексы.
– Летась валавы намалот склаў больш за 20 тысяч тон збожжа, – расказвае намеснік дырэктара філіяла па раслінаводстве Дзяніс Тамкевіч.
– Цяпер ужо першыя дні жніва паказваюць, што валавы збор павялічыцца. Аб гэтым яскрава сведчаць і лічбы: ураджайнасць яравога ячменю складае 59,3 ц/га, азімай пшаніцы – 72,8 ц/га. Учора князеўскія камбайнеры намалацілі першую тысячу тон збожжа новага ўраджаю.
За вёскай Ляхавічы ўбіралі ячмень камбайнеры Генрых Русецкі, Валерый Кавалевіч і Іосіф Крыштопчык з жонкай Людмілай. На жніве яны не навічкі. Як і вадзіцелі Яўгеній Галавач, Іосіф Капыловіч і Аляксандр Свістун – хутка і без страт яны дастаўляюць новы ўраджай на збожжасушыльны комплекс в. Падгрушаны.
Кіпела работа і на другім участку. Механізатары Павел Заяц, Павел Гарадок і Андрэй Шчылік аператыўна рыхтавалі палі да масавай уборкі – абжыналі разваротныя палосы і разбівалі плошчы пад загонкі. Адвозіў зерне на аўтамабілі “МАЗ” вадзіцель Віктар Латушка.
Адначасова ў гаспадарцы вядуцца і іншыя работы. На ўбраных плошчах мезанізатар Анатолій Каленка адразу ўносіць хлорысты калій, а Анатолій Жамойцін займаецца лушчэннем іржышча. Працягваецца сяўба пажніўных і паўкосных культур, уборка азімага рапсу і насеннікаў мнагалетніх траў, нарыхтоўка зернесенажу.
P.S. Пакідаючы гаспадарку, сталі сведкамі першага пробнага выезду ў поле новага камбайна “Лексіён-760”. Яго даверылі пераможцы леташняга ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва сярод камбайнавых экіпажаў Уладзіміру Мулярчыку, які сёлетнюю ўборачную кампанію пачынае з Уладзіславам Жамойціным. Як паведаміў галоўны інжынер Анатолій Каспярэц, шырыня захопу жняяркі ў сучаснай тэхнікі складае 10,5 метра, што на 3 метры больш, чым у “Лексіёна-580”. З уводам у эксплуатацыю такога камбайна князеўцы мяркуюць значна павялічыць тэмпы жніва.