Жанчына руплівая і адказная
На свінаферме “Агатова” сельскагаспадарчага філіяла “Дабраселецкі” нямала вопытных жывёлаводаў, для якіх высокія вытворчыя паказчыкі – справа звычайная. Сярод іх – Святлана Адамовіч.
– Святлана Лявонцьеўна працуе ў нас 14 гадоў, – знаёміць са свінаркай загадчыца фермы Яўгенія Кіслая. – Жанчына руплівая і адказная. Асвоіла ўсе этапы свінагадоўчага працэсу, апошнія шэсць гадоў плённа працуе на адкорме.
Перад тым, як прыйсці ў жывёлагадоўлю, Святлана Адамовіч была занята ў гаспадарцы на сезонных работах. Потым муж угаварыў перайсці на свінаферму, дзе працаваў і сам. І хоць справа для жанчыны была новай, спраўлялася з выкананнем сваіх абавязкаў. Праўда, першы год “ой, якім цяжкім падаўся”. Але потым ніколькі не расчаравалася ў выбранай справе.
На пытанне, што самае галоўнае ў працы жывёлавода, Святлана Лявонцьеўна адказала: “Цярпенне і яшчэ раз цярпенне. І, вядома ж, адказнасць”.
Цяпер жанчына абслугоўвае цэлы свінарнік – 263 галавы на адкорме. У памяшканні створаны ўсе ўмовы, каб атрымліваць высокія прывагі. Заўсёды дастаткова кармоў, якія свінарка раздае па вызначаным распарадку. Сочыць, каб у карытах пастаянна была вада. Падтрымлівае чысціню. Усё гэта разам узятае прыносіць поспех. Па выніках мінулага года гадаванцы Святланы Лявонцьеўны прыбаўлялі ў вазе штодзённа ў сярэднім па 496 грамаў. Захаванасць склала 96 %, валавыя прывагі – 29 тон. Сёлета паказчыкі яшчэ палепшыліся: свінні за суткі прыбаўляюць па 530 грамаў.
– Работа ў мяне не з лёгкіх, – гаворыць работніца фермы. – Але да цяжкасцей вясковаму чалавеку не прывыкаць.
Кіраўніцтва філіяла стараецца падтрымаць такіх рупліўцаў. За выніковую працу Святлана Адамовіч неаднаразова заахвочвалася матэрыяльна. Добрым падарункам для сям’і Адамовічаў стаў новы дом, які выдзеліла гаспадарка.
Людміла ПОПКА.