Женское счастье капитана милиции
Надзейны сямейны тыл патрэбен кожнаму чалавеку. Тым больш супрацоўніку органаў унутраных спраў, якога служба часта прымушае прафесійныя інтарэсы ставіць вышэй за асабістыя. І тут не абысціся без падтрымкі і разумення блізкіх людзей. А што, калі абодва – і муж, і жонка– міліцыянеры?Андрэй і Іна Талерчыкі, якія працуюць у Зэльвенскім РАУС, падзяліліся сакрэтамі поспеху ў прафесіі і ладу ў сямейных адносінах.
Разам маладыя людзі ўжо амаль пяць гадоў. Яны, па словах калег і сяброў, дапаўняюць адзін аднаго. Да таго ж – падобныя і знешне. А знаёмства пары адбылося, як ужо можна здагадацца, на службе. Педагог па адукацыі, Іна прыйшла на працу ў райаддзел участковым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх. Андрэй на той час быў памочнікам дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы, а цяпер – участковы інспектар міліцыі. Некалькі разоў ім давялося разам заступаць на дзяжурства. Паступова пачалі ўдзяляць адзін аднаму больш увагі, а сяброўскія адносіны перараслі ў рамантычныя. Неўзабаве пара стварыла сям’ю. І цяпер на радасць бацькам падрастае дачушка Марыя.
Іна Мікалаеўна гарманічна сумяшчае функцыі любячай жонкі, клапатлівай матулі і патрабавальнага граматнага кіраўніка (з 2014 года капітан міліцыі Талерчык стала начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх). Галоўным сваім памочнікам лічыць мужа Андрэя. У доме маладой сям’і няма падзелу на жаночыя і мужчынскія абавязкі. Калі ж абодвум прыходзіцца затрымацца на службе, дзяжурыць у святы, на дапамогу ім прыходзіць бабуля – маці Іны, якая займаецца маленькай унучкай.
Спецыфіка нашай работы ў тым, што сумесныя, вольныя ад нясення службы, выхадныя выпадаюць рэдка. Таму яшчэ больш цэнім кожную хвіліну, праведзеную разам, – адзначаюць Талерчыкі.
На пытанне, у чым заключаецца яе жаночае шчасце, Іна Талерчык, не задумваючыся, адказвае:
Шчасце – ва ўменні заўважаць прыгожае, не браць пад увагу негатыўнае, верыць у лепшае. Абавязкова, каб у сям’і і на рабоце было спакойна, а родныя людзі ніколі не хварэлі.