Жительница д. Холстово Мария Шкулепа отметила 70-летний юбилей

8275

Шмат на зэльвенскай зямлі людзей, імёны якіх нельга ні прынізіць, ні забыць. Сярод іх – ураджэнка вёскі Холстава Марыя Шкулепа. Яе жыццё трывала звязана з родным сялом, а лёс назаўсёды ўплецены ў працоўную біяграфію раёна. Менавіта Марыя Іванаўна стала героем вечара-сустрэчы, які ладзілі работнікі аддзела па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аграгарадка Бародзічы ў рамках новага праекта ўшанавання землякоў-юбіляраў.
Сямідзесяцігадовую імянінніцу прыйшлі павіншаваць тыя, з кім побач была яна ўсё сваё працоўнае жыццё, пад чыім кіраўніцтвам працавала, а таксама дзеці і ўнукі, родныя і блізкія. З удзячнасцю аптымістычная Марыя Іванаўна прымала шчырыя словы віншаванняў, кветкі і падарункі, дзялілася асабістымі ўспамінамі.
Нарадзілася Марыя Шкулепа ў сорак шостым. Нам, хто не зведаў пасляваеннага ліхалецця, нават нельга ўявіць, наколькі складана тады было вучыцца. Холад у школе, няхватка падручнікаў і сшыткаў… Але гэта было нішто ў параўнанні з жаданнем вучыцца. Марыя скончыла школу на выдатна і паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Працаваць прыехала на радзіму.

8276
– Уладкавалася ў холстаўскую сель-скую бібліятэку, думала, што на год – другі, – адкрыта гаворыць Марыя Іванаўна. – Але паступова ўцягнулася ў работу, да ўсяго так прыкіпела сэрцам, што цяпер і ў думках не дапускала іншай справы для сябе. Сярод сваіх землякоў я была запатрабавана, і гэта натхняла на тое, каб рабіць установу культуры цікавай для вяскоўцаў.
Працоўную біяграфію Марыі Шкулепы ўмоўна можна падзяліць на два перыяды. Першы бярэ пачатак з дня праца-ўладкавання ў аддзел культуры і недзе да сярэдзіны 90-х мінулага стагоддзя. Увесь гэты час бібліятэкар не толькі выконвала свае прамыя абавязкі – абслугоўвала чытачоў, вяла ўлік кніг, сачыла за папаўненнем фонду, але і збірала этнаграфічны матэрыял. У яе адной з першых з’явілася ідэя запісаць успаміны ветэранаў і вязняў Вялікай Айчыннай. Прызнаецца, што экскурс у дзяцінства і юнацтва субяседнікаў быў не з лёгкіх, патрабаваў шмат часу і цярпення. Калі выдавалася вольная хвіліна, Марыя Шкулепа абыходзіла адну за другой хаты вёскі Холстава і хутара Зеляніца. Вынікам настойлівай пошукавай работы стала некалькі папак і фотаальбомаў “Па старонках ваеннай пары”. Любоў да землякоў і любімая праца – вось галоўны сакрэт напісання “Летапісу вёскі”. Вялікая цікавасць да гісторыі Беларусі падштурхнула стварыць у бібліятэцы (адзіны на той час у раёне) этнаграфічны куток з некалькімі сюжэтнымі кампазіцыямі, што датычацца побыту беларусаў, беларускай хаткі і падворка. Вышываныя сурвэткі, абрусы, саматканыя ручнікі і дываны, ільняное адзенне… Паглядзець на ўсё гэта прыязджалі бібліятэкары з другіх раёнаў Гро-дзенскай вобласці.
За некалькі гадоў да выхаду на пенсію Марыя Шкулепа ўзначаліла бібліятэку-клуб у Холставе. Аб мерапрыемствах, якія тут ладзіліся, ведала моладзь з Зэльвы і Крываконна, Караліна і Дзергілей. На выхадныя сюды з’язджаліся хлопцы і дзяўчаты. Марыю Іванаўну любілі ўсе: падлеткі, якія з задавальненнем удзельнічалі ў святах, дарослыя, што адраджалі старадаўнія вясковыя традыцыі. Калектыў бібліятэкараў раёна быў удзячны ёй за арыгінальныя ідэі.
З бібліятэчнай справай і культмасавай работай жанчына не развітвалася 40 гадоў! Апроч таго, працяглы час была старастай вёскі – вырашыла не адну праблему землякоў. Выбіралася дэпутатам Зэльвенскага сельсавета.
– 70-гадовы юбілей сустрэла, а рукі працы просяць, – усміхаецца Марыя Іванаўна. – Рана не стала майго мужа, таму прыйшлося быць і за мужчыну, і за жанчыну. Навучылася ўсяму – трэба было дзяцей на ногі паднімаць. Сама і з гаспадаркай спраўляюся, і агарод даглядаю. У вольную гадзіну чытаю, вышываю. Прыемна радаваць родных падарункамі, зробленымі сваімі рукамі. Вось выпала нагода – адну са сваіх карцін прынесла ў падарунак бародзіцкай установе культуры. Даведалася, што тут будзе стварацца куток работ мясцовых умельцаў.
Гледзячы на шчаслівы твар юбіляркі, ніхто з прысутных не ўсумніўся, што самае вялікае мацярынскае багацце для Марыі Іванаўны – дзве дачкі, зяці, два ўнукі і ўнучка, а шчасце – жыць і працаваць на роднай зямлі.
Людміла ПОПКА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.