Жыць у бяспецы

1591 З надыходам зімы моцна ўзрастае верагоднасць узнікнення пажараў. Асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе для ацяплення жылля выкарыстоўваецца печ. Добра, калі дбайны гаспадар загадзя паклапаціўся і адрамантаваў яе. А калі ў доме пражывае адзінокая бабуля, ці сям’я з так званай “групы рызыкі”? Напярэдадні асенне-зімовага перыяду аглядная камісія пры Тулаўскім сельвыканкаме дасканала абследавала ўсе такія домаўладанні. Хто быў не ў сілах сам выканаць неабходны рамонт, аказвалася дапамога. А астатніх прымушалі: дзе словам, а дзе і рублём. На сённяшні дзень на тэрыторыі сельсавета не адбылося ніводнага пажару. Каб так было і далей, мясцовая ўлада прымае ўсе прафілактычныя меры. На днях у будынку сельсавета сабралі ўсіх стараст. Па меркаванні старшыні сельвыканкама Таццяны Умаравай, гэта тая катэгорыя людзей, якая ведае ў вёсцы ўсё і аб усіх. Расказвае, калі падбіралі на гэтую грамадскую пасаду кандыдатуры, улічвалі вельмі многія фактары: вялікі жыццёвы вопыт, значны працоўны стаж, працяглую мясцовую прапіску. Такім больш давяраюць, да іх больш прыслухоўваюцца, аўтарытэт іх заснаваны на выдатным веданні “сваіх” людзей, іх традыцый і звычаяў. Сёння за парадкам 11 населеных пунктаў сочаць 8 старастаў, дарэчы, усе жанчыны. Марыя Жук “кіруе” ў вёсцы Тулава, Тэрэза Хутко – Крэслах і Пузіках, Яніна Лазоўская – Міжэрычах, Наталля Попка – Задвор’е, Тэрэза Нічыпар – Дзергілях і Талалайках, Надзея Мачок – Шэйках, Ганна Жук – Янаўшчыне, а Марыя Шнэйдар – у сваіх родных Клепачах.Таццяна Умарава падтрымлівае з усімі цесную сувязь, часцей, вядома, па тэлефоне. На гэты раз запрасіла ў сельвыканкам, каб грунтоўна пагаварыць аб бяспецы вяскоўцаў. Размова ішла аб тым, як недапусціць пажараў, а таксама правапарушэнняў, звязаных з распіццём спіртных напіткаў. Таццяна Георгіеўна прасіла сваіх памочнікаў неадкладна паведамляць ёй аб усіх фактах з’яўлення ў вёсках невядомых людзей, пранікнення іх у пустуючыя дамы. Асаблівую ўвагу па-ранейшаму звяртаць на ўмовы пражывання пажылых людзей, адзінокіх інвалідаў, мнагадзетных сем’яў і тых, дзе ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца дзеці. У сваю чаргу, старасты, скарыстаўшыся магчымасцю сустрэчы, давялі да ведама старшыні сельвыканкама хвалюючыя людзей пытанні. Так, Ганна Жук перадала просьбу аднавяскоўцаў накіраваць праз Янаўшчыну рэйсавы аўтобус (хоць адзін раз у тыдзень). Падтрымалі ўсе астатнія жанчыны прапанову наладзіць у самыя аддаленыя вёскі дастаўку лекаў “аўтааптэкай” (дастаткова было б аднаго разу ў месяц). Тэрэза Хутко прасіла арганізаваць на базе Тулаўскай урачэбнай амбулаторыі правядзенне лабараторных абследаванняў і прыём урачоў вузкай спецыялізацыі. Хвалюе старастаў стан дарог у аддаленых вёсках ды і ў самым аграгарадку Міжэрычы. – Усе паднятыя пытанні актуальныя, – заўважае старшыня сельвыканкама, – і скіраваны на забеспячэнне бяспечнай і камфортнай жыццядзейнасці людзей, асабліва пажылога ўзросту. Задача мясцовай улады з дапамогай усіх органаў грамадскага самакіравання арганізаваць іх выкананне. Клаўдзія КРЭЧКА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.