Зоры над Зальвянкай. Творчасць зэльвенцаў да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

Уладзiмiр Мазго

Зноўку мне прысніцца
Блізкае далёка:
Поўная, як вока,
Чыстая крыніца.
Студня каля хаты,
Пад вярбой густою…
Быццам вінаваты
Прад зямлёю тою,
Што сабе вярнула
Мірную сінечу,
Што аб дні мінулым
Кожнай рысай
сведчыць…
Пакланюся сцягу,
Што крывёй паліты…
Наталяю смагу
Словам сакавітым.

***

Манумент.
Сівы пагорак.
Злітак памяці –
Метал.
Сорак год…
Прыступак сорак
На высокі п’едэстал.


ФЕНИКС

1

Не раз дашчэнту нішчыў
Цябе вайны касцёр,
А ты над папялішчам
Зноў
Крылы распасцёр.
Трапечацца
Жаўронкам
Разгойданы блакіт.
Вучыўся
Па старонках
Мемарыяльных пліт
Чытаць я:
– Веч-ная-я
– Слав-ва
– Ге-роя-ям!..
І – абеліск над гарою.
І – ў пераліку імён –
Рэха
Апаленых дзён…

2

Нам стала
Тая кніга
Падручнікам жыцця.
Наскрозь
Стралой Нямігі
Твой боль
Мяне працяў.
На досвітку –
Зноў юны,
Адроджаны са тла, –
Кранеш
Нямыя струны
Дрыготкага святла.
І заспяваюць
Гуслі:
– Ой ляцелі
Гусі
Ды з-пад Беларусі…
Не раз
Дашчэнту нішчыў
Цябе
Вайны касцёр.
Мой край
Над папялішчам
Зноў
Крылы распасцёр.


Юрка Голуб

ПОЛЕ БОЮ

На непаланёных рубяжах
Ходзіць жыта радымі радамі…
Тут гула акопная мяжа,
Санітарка з роспачы рыдала.
Слухае нязмушаны прамень
Пераклічку ластавак на дроце…
Тэлеграфны слуп стаіць пры мне:
Сувязь не данёс забітай роце.
Грузавік накручвае на слых
Два ніты раскручанай гравійкі…
Біла артылерыя пад дых,
Западала сонца на павекі.
Каласы у стоме не дрыжаць,
Воблакі вандруюць з гарадамі…
На непаланёных рубяжах
Ходзіць жыта думнымі радамі.
…На непаланёных рубяжах.

ДОЖДЖ У КАНЦЫ ВАЙНЫ

У Цэнтральнай Еўропе
На зыходзе вайны
Дождж адорваў па кроплі
Вокамгненныя сны.
Ён вільготнай накідкай
Шапацеў,
Ахінаў…
І на ўзлесках някідкіх
Задрамала вайна,
Ды каманды улада
Выбівала са сну
І байцам над прыкладам,
І ў прысадах вясну.
І зара яравая
Ад жалезных ствалоў
Напал ноч разрывала
І крывавіла зноў.
Маладое пяхоты
Свет не можа забыць.
…Дождж суровы, пяшчотны
Над гранітам стаіць.


Ірына Данік

ШАВУЛIЧЫ

Вёсачка пахла світанкам.
Борам зялёным і бэзам.
Хлебам духмяным…
А з танка
Зрок бессардэчны разрэзаў.
Вёсачка пахла вайною.
Дымам пажараў і кроўю.
Гэта было не са мною…
Гэта магло быць са мною…
І праз гасцінец зацяты
Ветрык ссівелы гуляе,
Быццам чыесьці дзіцятка
Маці між намі шукае.
… Пахне світанак расою.
Бэз – нібы ў кропельках солі…
Травы тут з вострай касою
Не сустракаюцца болей…

МIР

Кружыць бусел над вёскай Стральцы…
Аглядае прасторы палеткаў.
Погляд мой, да яго даляці
Ад зямлі, ад вясны, ад падлеткаў.
Ім наш шлях на зямлі прадаўжаць,
Ім памылкі спраўляць і сумненні.
Сеяць ім наша жыта і жаць.
І вучыцца заўсёды сумленна.
Толькі б мір панаваў на зямлі,
Толькі б ветры спакойныя дзьмулі.
Толькі б сэрцы натхненнем цвілі –
А астатняе мы дабудуем.


Алена Кароза

ВЭТЭРАНАМ

Дзве цяжкія даты вам лёс падарыў:
Адна з іх усё ж – слаўная дата.
Вас у дні 41-га кінулі ў бой,
Вы перамаглі ў 45-м.
Вам голад і холад быў правадніком,
І рваліся бомбы, снарады.
А вы не скарыліся, нашы дзяды,
І ўсё давялі вы да ладу.
Фашысцкую свастыку з гонарам вы
Пад ногі народам паклалі,
Каб людзі не ведалі пекла вайны,
Каб у міры дзяцей гадавалі.
Вас сёння нямнога, радзеюць рады,
Ды ўсё ж у страі ветэраны.
Усмешка на тварах, у душы – аптымізм,
Хоць часта смыгляць вашы раны.
Няхай Бог прадоўжыць ваш век на Зямлі,
Пакланяюцца вашы нашчадкі.
І зробяць усё, каб вы ў шчасці жылі,
І старасць прайшла ў дастатку.
Вы – гонар Дзяржавы, сумленне – Зямлі,
Сяброў баявых сваіх памяць.
Вы прыклад сынам і ўнукам далі,
Ваш подзвіг у вяках будуць славіць.

БЕЗ ПРАВА НА ЗАБЫЦЦЁ¨

У садах зелянее май,
Па палях і лугах сыпле краскі.
А на ўзлеску пралеска ўзышла
Ля салдацкай праржаўленай каскі.
Хто ён быў, гаспадар яе?
Ці жывы, ці ляжыць у магіле?
Ён вядомым пайшоў на вайну,
А з яе – “без вестак загінуў”.
Ужо даўно адгрымелі баі,
Залячыла зямля свае раны.
А пытанні жыццё задае
І нашчадкам, і ветэранам.
І каб даць усе адказы на іх,
Трэба існасць нам помніць святую:
Што не знікне памяць пра тых,
Хто любоў да Зямлі сваёй чуе.
Хто прайшоў цераз пекла вайны,
На штыках нам прынёс Перамогу,
Хто нашчадкам сваім адстаяў
У шчаслівае заўтра дарогу.



Валенцiна Алюшкевiч

***

Стоит солдат, одетый в бронзу
И снег, и ветер не страшны ему.
Он и тогда бесстрашно
шел под бомбы,
Собою защищая Родину свою.
Он был хорошим сыном,
добрым другом,
Мать и невеста провожали на войну.
В тот страшный день,
в бою под Бугом,
Остался он лежать в чужом краю.
Совсем юнец, усы еще не бриты,
В глазах застыла неба синь,
Он что-то прошептал совсем неслышно,
Он скромен был
и доли лучшей не просил.
Мне кажется, когда подует ветер,
К груди он крепче
прижимает автомат.
Сегодня для тебя, солдат,
Несут цветы отцы и дети,
Ровесник наш, герой и брат
.


Алексей Кавалевiч

АБEЛIСКI

Далёка пойдзеш ты блізка, –
Усюды, край мой дарагі,
Цябе пакрылі абеліскі,
Як сімвал гора і тугі.
Як сімвал мужнасці і сілы,
Як знак адданасці зямлі:
Хоць людзі леглі ў магілы,
Але свабоду збераглі.
Чакаем родных мы і блізкіх,
Гукаем іх – не йдуць яны:
Маўчаць усюды абеліскі,
Маўчаць усюды курганы.
Баліць, шчыміць Радзімы сэрца,
І кожны міг, і кожны час
Яе героі на паверцы
Стаяць жывымі сярод нас.

ВЕЧНЫ БОЛЬ

Цягнік галёкнуў на паўстанку,
І ўздрыгнула матуля ўся:
Зноў не прывёз сыночкаў Янку
І дарагога Петруся.
Надзеўшы новую хусцінку,
Што падарылі ёй сынкі,
Штодзень выходзіць на супынку
Яна праводзіць цягнікі.
І коцяцца слязінкі градам,
Вайне праклён, вайне папрок:
Ляжыць Іван пад Сталінградам,
Ляжыць пад Віцебскам Пятрок.
Магілы брацкія, як раны,
Па ўсёй пакутніцы – Русі –
К нам не вярнуліся Іваны
І дарагія Петрусі.
І будзе век радзіма-маці
З трывогай сніць надзеі-сны,
Чакаючы свайго дзіцяці,
Што не вярнулася з вайны.



Наталля Шматко

ПРЫЙДЗI ДА ВЕЧНАГА АГНЮ

Прыйдзі да Вечнага агню!
І гарачэй заб’ецца сэрца,
Прыйдзі, і ўспомні пра вайну,
Што рэхам болю застаецца.
Прыйдзі, пастой на той зямлі,
Што ўмывалася крывёю,
Дзе ў цяжкіх бітвах паляглі
Сыны, народжаныя ёю.
Прыйдзі да Вечнага агню!
І ўсім героям пакланіся,
Хто злёг за спадчыну сваю…
За тых, хто выжыў, памаліся!
Прыйдзі да Вечнага агню!
Хай слёзы ўдзячныя пральюцца.
Каб войны на тваю зямлю
Ніколі не змаглі вярнуцца!
Прыйдзі да Вечнага агню!
Туды, дзе сходзяцца дарогі,
Дзе б’е фантанам у вышыню
Салют Вялікай Перамогі

Старонку падрыхтавала Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены